«Новы закон выйшаў, у выніку ўсе прэміі зрэжуць»
16- 11.07.2025, 15:45
- 8,192

У аўтапарку Гомеля кіроўцы абураныя заробкамі.
Аўтапарк № 6 прадпрыемства «Гомельаблаўтатранс» паведаміў аб правядзенні «важнай сустрэчы» кіраўніцтва з калектывам кіроўзцаў: «Абмеркавалі новую структуру налічэння заробку.
Кожны кіроўца атрымаў магчымасць задаць пытанні аб працы і побыце. Падрабязнасцяў прадпрыемства не раскрыла, а публікацыю закончыла бадзёрым лозунгам: «Разам мы зробім наш парк яшчэ лепшым!». Але напраўду падстаў для аптымізму ў кіроўцаў мала.


Наяўнасць праблем у аўтапарку «Флагштоку» пацвердзіла крыніца, звязаная з арганізацыяй:
«Калектыў папярэдзілі аб магчымым падзенні заробку. Новы закон выйшаў, у выніку ўсе прэміі зрэжуць. А тарыфную стаўку павысяць усяго на 1 рубель. І за перапрацоўкі больш не будуць даплачваць».

Са слоў крыніцы, заробак у кіроўцаў і так упаў. Калі раней стандартна выходзіла 1500-1600 рублёў «чыстымі» пры норме гадзін, то з восені мінулага года заробак упаў да 1300 рублёў. Новаўвядзенне матывуе работнікаў да пошукаў вакансій — іншую работу шукаюць не толькі моладзь, але і пенсіянеры, якія працуюць.
У верасні 2024 года ААТ «Гомельаблаўтатранс» было ўключана ў дзяржаўны рэестр натуральных манаполій. З 1 ліпеня 2025 года для такіх прадпрыемстваў была ўведзеная новая сістэма налічэння заробку. Гэтыя новаўвядзенні і паслужылі падставай для сустрэчы кіраўніцтва з працаўнікамі.
Аўтапарк № 6 выконвае пасажырскія перавозкі большай часткі гарадскіх маршрутаў, абслугоўвае некалькі прыгарадных маршрутаў, выконвае грузавыя і заказныя перавозкі.