Колькі боепрыпасаў пастаўляе Крамлю Кім Чэн Ын: Буданаў раскрыў маштабы
7- 11.07.2025, 16:23
- 7,396

КНДР 24 гадзіны на дзень вырабляе зброю.
Кіраўнік украінскай вайсковай выведкі Кірыл Буданаў заявіў, што да 40% боепрыпасаў, якія выкарыстоўваюцца Расеяй у вайне супраць Украіны, пастаўляецца з Паўночнай Карэі, піша Bloomberg (пераклад - сайт Charter97.org).
З яго слоў, КНДР таксама адпраўляе ў Расею балістычныя ракеты і артылерыю, а ў абмен атрымлівае грошы і тэхналогіі.
«Гэта добрыя боепрыпасы», - адзначыў Буданаў у інтэрв'ю Bloomberg, дадаўшы, што 60% страт украінскай вайсковай выведкі за апошнія тры гады былі вынікам выкарыстання паўночнакарэйскай зброі. Ён падкрэсліў, што вытворчасць у КНДР вядзецца 24 гадзіны на дзень.
Вайсковае супрацоўніцтва паміж Масквой і Пхеньянам значна ўзмацнілася пасля візіту Пуціна ў Паўночную Карэю ў чэрвені мінулага года. Кім Чэн Ын паабяцаў «безумоўную» падтрымку Расеі, і, паводле ацэнак заходняй выведкі, Пхеньян ужо паставіў мільёны артылерыйскіх набояў.
Буданаў заклікаў да неадкладнага спынення агню, адзначыўшы, што для гэтага патрабуецца ўдзел Украіны, Расеі і ЗША. Ён таксама пацвердзіў працяг падтрымкі Украіны з боку ЗША, у тым ліку пастаўкі сістэм СПА.
Буданаў падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва з заходнімі спецслужбамі і заклікаў вярнуцца да агентурнай выведкі. Ён выказаў надзею заставацца на пасадзе да заканчэння вайны: «Мая мара - спыніць гэтую вайну».