NYT: Забіты ў Кіеве палкоўнік СБУ выканаў ключавую ролю ў наступе на Курскую вобласць
7- 11.07.2025, 18:25
- 12,420

Іван Вароніч быў афіцэрам Цэнтра спецыяльных аперацый «Альфа».
Палкоўнік Службы бяспекі Украіны Іван Вароніч, якога 10 ліпеня застрэлілі ў Кіеве, узначальваў падраздзяленне, якое выканала ключавую ролю ў наступе на Курскую вобласць РФ летам 2024 года.
Пра гэта паведамляе New York Times.
Паводле словаў украінскіх чыноўнікаў і былых калегаў Вароніча, забіты палкоўнік СБУ быў афіцэрам Цэнтра спецыяльных аперацый «Альфа» і працаваў ва ўстанове цягам дзесяцігоддзяў.
Службу ў СБУ Вароніч пачаў у сярэдзіне 1990-х гадоў. Некаторы час ён камандаваў падраздзяленнем спецыяльных аперацый, вядомым як «Пятая ўправа».
Гэтае падраздзяленне атрымлівала тэхнічную падтрымку ад амерыканскага ЦРУ і было адказным за забойства аднаго з камандзіраў баевікоў непрызнанай «Данецкай народнай рэспублікі» Арсенія Паўлава, вядомага з псеўданіма «Матарола».
Паводле словаў калег, пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну Вароніч быў часткай элітнага падраздзялення, адказнага за дзеянні ў «шэрай зоне» паміж лініямі фронту. Гэтае падраздзяленне выканала ключавую ролю ў наступе Украіны на Курскую вобласць у жніўні 2024 года.
Былы кіраўнік СБУ Іван Баканаў, які быў асабіста знаёмы з забітым палкоўнікам, заявіў, што той браў вельмі актыўны ўдзел у супрацьдзеянні расейскай агрэсіі з 2014 года.
«Калі матывам з'яўляецца забойства на побытавай глебе – гэта адно. Але гэта можа быць публічнае пакаранне, ажыццёўленае расейцамі, а гэта ўжо зусім іншая гісторыя, якая запатрабуе ад СБУ комплексу неадкладных захадаў», – адзначыў ён.