Над Кіевам заўважылі дзіўны самалёт
5- 11.07.2025, 22:50
- 21,152

Эксперт патлумачыў, што б гэта магло азначаць.
Над сталіцай праляцеў грузавы самалёт, хаця з пачатку поўнамаштабнай вайны паветраная прастора закрытая. Выканаўчы дырэктар Украінскага цэнтра бяспекі і супрацоўніцтва Дзмітрый Жмайла патлумачыў, што для палёту скарысталіся «калідорам» паміж варожымі атакамі.

«Ёсць упэўненае меркаванне, што гэта самалёт Ан-124. Гэта магутная машына ў нашай лагістыцы», - адзначыў вайскова-палітычны эксперт у эфіры тэлеканала «Кіеў» 11 ліпеня.
З яго слоў, як «Руслан» апынуўся ў небе - пытанне да Паветраных сіл УСУ, бо яны клапаціліся аб бяспецы.
«Але ў прынцыпе...Калі мы разумеем, што расейцы пачынаюць «дзяўбці» тую ж сталіцу і ўсю тэрыторыю краіны дзесьці ў дзве хвалі (першая прыкладна апоўначы, другая хваля — яны запускаюць прыкладна а чацвёртай раніцы, каб нашыя мабільна-агнявыя групы не мелі магчымасці візуальна фіксаваць «Шахеды», то я думаю, што акурат і падрыхтавалі такі «калідор», - выказаў меркаванне выканаўчы дырэктар УЦБС.
Ён распавёў, што Ан-124 мае прыблізную даўжыню 69 метраў, а яго размах крылаў - 73 метры. Што самае важнае, гэты самалёт раней якраз выкарыстоўваўся для ўкраінскай лагістыкі і транспартавання вайсковай дапамогі Захаду. Дарэчы, яго бачылі і ў польскім горадзе Жэшуве.
«Ён цалкам можа транспартаваць буйнагабарытныя грузы, напрыклад, гэтыя ж фюзеляжы да F-16, або корпусы верталётаў, або пэўныя супрацькарабельныя комплексы», — адзначыў Жмайла.
Ён падкрэсліў, што сітуацыя на фронце цяжкая. Асноўныя пастаўкі ўсё ж ідуць па чыгунцы праз пагрозу вайны, аднак з'яўленне грузавога самалёта над Кіевам - лагічна.
«Але вось аператыўнасць і лагістыка, і хутчэйшая дастаўка ўсёй вайсковай дапамогі ў Сілы бяспекі і абароны Украіны, як бы там ні было, прымушаюць нас ісці на рызыку. Таму што чыгунка - гэта значна даўжэй, самалёт - гэта значна хутчэй», - дадаў эксперт.