The Economist: Расея страціла ўплыў у рэгіёне, дзе панавала 200 гадоў
11- 11.07.2025, 19:44
- 10,044

Гэта сапраўды можна ўважаць за паразу гістарычнага маштабу.
Кошт узброенай агрэсіі супраць Украіны працягвае расці для Расеі. І гэта не толькі аб загінулых салдатах і эканамічных стратах, але і аб страце геапалітычнага ўплыву. Адным з найважнейшых наступстваў вайны ва Украіне для Расеі стала страта ўплыву на Паўднёвым Каўказе, піша The Economist.
Паўднёвы Каўказ, або ў расейскай тэрміналогіі «Закаўказзе» - гэта адносна невялікі па плошчы і насельніцтву, але геапалітычна вельмі важны рэгіён, які сёння займаюць тры дзяржавы - Грузія, Азербайджан і Арменія. Як адзначае аўтар публікацыі, гэты рэгіён паміж Чорным і Каспійскім морамі, Еўропай і Азіяй, размешчаны на скрыжаванні старых імперый: Асманскай, Персідскай і Расейскай. І сёння ён захоўвае сваю важнасць.
«Вайна Пуціна супраць Украіны ненаўмысна прывяла да спынення дагэтуль невырашальнага канфлікту паміж Азербайджанам і Арменіяй, якая зараз спрабуе вырвацца з-пад уплыву Расеі і падпісаць мір з Турцыяй», - піша The Economist.
Азербайджан, які з'яўляецца найбуйнейшай па насельніцтве і вайскова моцнай з трох краін рэгіёну, у апошнія гады таксама адчуў сваю сілу і пачаў праводзіць значна больш жорсткую палітыку ў дачыненні да Расеі. Гэта адбылося ў тым ліку і таму, што Баку адчувае дадатковую сілу ў сваім партнёрстве з Турцыяй і Ізраілем, якія незалежна адна ад адной бачаць у Азербайджане стратэгічнага хаўрусніка ва ўласным супрацьстаянні з Іранам.
І толькі Грузія, якая да нядаўняга часу была найбольш праеўрапейскай краінай Паўднёвага Каўказа, сёння наадварот рухаецца да збліжэння з Расеяй, акцэнтуе аўтар артыкула.
І ўсё ж галоўным працэсам у рэгіёне з'яўляецца паступовае прымірэнне менавіта Арменіі з Азербайджанам. 10 ліпеня паміж лідарамі дзвюх краін адбылася важная сустрэча, якая дорыць надзею на далейшую нармалізацыю стасункаў.
«Мір паміж Арменіяй і Азербайджанам інтэгруе Арменію ў так званы «сярэдні калідор» для гандлю і энэргетыкі, які звязвае Кітай і Цэнтральную Азію з Еўропай, абыходзячы Расею. Гэта асабліва важна для энэргетычнай бяспекі Еўропы, бо Грузія становіцца менш надзейным партнёрам», - адзначае The Economist.
Расея спрабуе спыніць гэта ціскам на тры паўднёвакаўказскія краіны, бо ўважае іх сферай свайго ўплыву. Аднак хуткасць, з якой Масква гэты ўплыў страчвае, сапраўды ўражвае, піша выданне.
Неўрэгуляваны тэрытарыяльны канфлікт паміж Баку і Ерэванам даваў Маскве важны інструмент уплыву на іх. Аднак усе гэтыя геапалітычныя махінацыі сталі для Расеі не да часу, калі пуцінскі бліцкрыг ва Украіне праваліўся і Маскве давялося засяродзіць усе намаганні на вайне на знясіленне.
Як адзначае The Economist, гэта дазволіла Азербайджану хутка вярнуць пад свой кантроль акупаваны армянамі Карабах, і цяпер Баку ўжо «імкнуўся мець справу з Масквой як роўны, а не як падначалены».
Затое Арменія мяркуе, што Расея ёй здрадзіла, калі не дапамагла сілай утрымаць Карабах. І хаця для армян гэта стала балючай паразай, якую ўспрымаюць ледзь не як нацыянальную катастрофу, страта Карабаха таксама вызваліла Арменію ад канфлікту, які быў прычынай яе міжнароднай ізаляцыі і вымушанага саюза з РФ.
Цяпер надзея Пуціна палягае ў тым, каб рэалізаваць «грузінскі сцэнар» у Арменіі, прывёўшы да ўлады на наступных выбарах рэакцыйны антызаходні ўрад. У Ерэване нядаўна ўжо заявілі, што сарвалі падрыхтоўку да спробы дзяржаўнага перавароту, які планаваўся на верасень.