У Беларусі спыніліся ЦЭЦ і завод
- 12.07.2025, 12:24
- 4,118

У МНС агучылі наступствы шторму ў пяці раёнах.
Міністр у надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі расказаў аб ходзе ліквідацыі наступстваў непагадзі, якая абрынулася на Беларусь 9-10 ліпеня. Паводле інфармацыі МНС, падчас праходжання навальнічнага фронту пацярпелі 27 населеных пунктаў у некалькіх абласцях краіны, піша «Телеграф».
Найбольш сур'ёзныя наступствы ратавальнікі зафіксавалі ў Магілёве.
Як паведаміў кіраўнік МНС, у горадзе было абясточана пяць ліній электраперадачы напружаннем 110 кВ. Гэта прывяло да спынення працы ЦЭЦ-2 і прадпрыемства «Магілёўхімвалакно».
Усяго за адну ноч на гарачую лінію ў Магілёве паступіла паўтары тысячы зваротаў ад беларусаў. Па ўсёй краіне зафіксавана 4,5 тысячы зваротаў.
Апроч Магілёўскай вобласці, стыхія закранула і іншыя рэгіёны. Сярод найбольш пацярпелых, паводле звестак МНС:
у Віцебскай вобласці - Гарадоцкі і Аршанскі раёны;
у Менскай вобласці - Смалявіцкі і Барысаўскі раёны.
У Менску, паводле звестак міністра, назіраліся «лакальныя падтапленні».