FT: Гнеў Трампа на Пуціна дасягнуў крытычнага пункту
27- 12.07.2025, 12:33
- 16,610

Але ёсць нюанс.
Апошнія каментары прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў дачыненні да Расеі падкрэслілі, што яго расчараванне расейскім лідарам Уладзімірам Пуціным і яго нежаданнем ісці на саступкі ў перамовах аб спыненні вайны дасягнула пераломнага моманту.
Як піша Financial Times, гнеў Трампа сведчыць аб значнай змене тону Белага дома, аднак гэта ўсё яшчэ не азначае, што ён схіляецца да праўкраінскай пазіцыі.
«Мы бліжэй, чым калі-небудзь, да ўжывання новых фінансавых захадаў або новага ціску на Пуціна за ўсю гісторыю гэтай адміністрацыі», – сказала Крысцін Берзіна, кіроўная дырэктарка Нямецкага фонду Маршала ў ЗША.
Аднак, хоць гучныя заявы Трампа на адрас Пуціна аслабляюць асцярогі, што Белы дом цалкам адмовіцца ад Украіны, яны могуць не азначаць глыбокага зруху на карысць Кіева, адзначаюць эксперты.
«Гэта папераджальны стрэл на адрас Расеі і Пуціна. Але гэта не азначае, што ЗША раптам стануць вялікім хаўруснікам і прыхільнікам Украіны або будуць адыгрываць больш значную ролю, чым раней», – сказаў Макс Бергман з Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў.
У Еўропе таксама адзначаюць, што, хоць рыторыка Трампа ўсяліла ў Еўропу некаторыя надзеі на патэнцыйную змену яго стаўлення, пакуль няма рэальных довадаў таго, што Белы дом займае больш пракіеўскую пазіцыю.
«Заходнія хаўруснікі Украіны па-ранейшаму мяркуюць, што Трамп схільны разглядаць Пуціна як свайго галоўнага партнёра па перамовах у кожным урэгуляванні, а Зяленскага - як асноўную перашкоду на шляху да дасягнення рэальнага мірнага пагаднення, заявілі чыноўнікі».
Яны дадалі, што, хоць сістэмы Patriot маюць вызначальнае значэнне для здольнасці Украіны лепш абараняць свае войскі і гарады, аднак гэта не паўплывае на яе здольнасць наносіць зваротныя ўдары па Расеі і не зменіць агульную дынаміку вайны.
«Існуе некаторае залішняе хваляванне, выкліканае змяненнем тону», – сказаў адзін з чыноўнікаў. «Але мы не бачым, каб гэта прывяло да сур'ёзных дзеянняў».