Крэмль нацыяналізаваў найбуйнейшага вытворцу кансэрваў
9- 12.07.2025, 13:14
- 10,262

З мэтай забяспечыць пастаўкі ў войска.
Улады РФ вярнулі ў даход дзяржавы актывы ГК «Галоўпрадукт», ключавога вытворцы кансэрваў, якую ў кастрычніку 2024 года прэзідэнт Уладзімір Пуцін перадаў у часовае кіраванне Расмаёмасці з мэтай забяспечыць пастаўкі прадукцыі холдынгу ў войска.
Пастанову аб гэтым прыняў Арбітражны суд Масквы на пазоў Генпракуратуры РФ, паведамляюць «Ведомости» і ТАСС. Дэпрыватызаваныя былі 100% доляў галаўных кампаній «Галоўпрадукта», а таксама ўласнасць кіраўніка групы Леаніда Смірнова. Нагляднае ведамства абвінаваціла прадпрымальніка, які ўзначальвае амерыканскую Universal Beverage Company (ёй належаў «Галоўпрадукт»), у вывадзе амаль 1,4 млрд рублёў на рахункі ў банк JPMorgan Chase ў абыход уведзеных у Расеі контрсанкцый. «Пастанова набывае моц неадкладна», - заявілі ў судзе. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
«Галоўпрадукт» складаецца з 32 кампаній, размешчаных у Маскве і Падмаскоўі, Калінінградскай і Арлоўскай абласцях. Прадпрыемствы групы пастаўляюць прадукцыю, у тым ліку тушонку, паштэты, кашы, шпроты, гародніну і згушчонку, на ўнутрырасейскі рынак. 15 кастрычніка мінулага года Пуцін перадаў кампанію Расмаёмасці, а яна ў сваю чаргу прызначыла ў кампанію новага гендырэктара на просьбу вытворцы харчавання «Дружба народаў» – адзінага пастаўшчыка прадуктаў для Расгвардыі ў 2019-2020 гадах.
Пасля гэтага продажы «Галоўпрадукта» значна скараціліся, паведамляў Reuters, які вывучыў унутраную дакументацыю холдынгу. Справаздачы сведчаць, што ў апошнія месяцы кампанія стала фіксаваць чыстую страту пасля сярэдняга прыбытку да нацыяналізацыі, пры гэтым аб'ёмы вытворчасці засталіся на ранейшым узроўні.
Дэпрыватызацыя «Галоўпрадукта» была неабходная, каб забяспечыць стабільнасць вытворчасці, у тым ліку для арганізацыі паставак Расгвардыі і Мінабароны, гаварылася ў лісце новага кіраўніцтва кампаніі на імя генпракурора Ігара Краснова. Генпракуратура ў сваім пазове сярод іншага сцвярджала, што Смірноў пасля перадачы кампаніі Расмаёмасці стаў перашкаджаць працы часовай адміністрацыі, у тым ліку па пастаўцы кансэрваў на фронт ва Украіну. З пачатку снежня 2024 года ён нібыта адпраўляў на пошту супрацоўнікаў «Галоўпрадукта» ўказанні не супрацоўнічаць з новым кіраўніком.
Здабыць выгаду ад экспрапрыяцыі кампаніі можа былы міністр сельскай гаспадаркі РФ Аляксандр Ткачоў.