У лукашыстаў канчаткова «знесла дах» на тэме «дармаедаў»
20- 12.07.2025, 14:48
- 20,744

Барацьба з «утрыманцамі» выйшла на новы ўзровень.
У Беларусі працягваюць змагацца з «утрыманцамі». Па ўсёй краіне працуюць спецыяльныя «дармаедскія» камісіі - яны абвясцілі графік працы на другую палову гэтага года. Прычым у некаторых выпадках пасяджэнні ладзяць у РУУС. Тым часам да працаўладкавання людзей па-ранейшаму прыцягваюць міліцыю, для гэтага па ўсёй краіне запускаюць спецыяльныя акцыі, піша «Зеркало».
«Дармаедскія» камісіі абвясцілі, як будуць працаваць у другім паўгоддзі. Напрыклад, у Чашніцкім раёне ў ліпені, жніўні і верасні пасяджэнні маюць намер ладзіць у другі і чацвёрты панядзелак месяца, а ў Ленінскім раёне Магілёва - другі і чацвёрты аўторак (прычым раз на месяц - у будынку мясцовага РУУС).
У Воранаве служба занятасці 31 ліпеня супольна з мясцовым РАУС збіраюцца правесці прафілактычную акцыю «Не выпусці свой шанц» — для «ўжывання дадатковых захадаў па працаўладкаванні раней судзімых грамадзян». Такія ж мерапрыемствы з такой назвай зладзяць і ў іншых гарадах. Напрыклад, у Ваўкавыску, Навагрудку, Дзятлаве, Мастах, Шчучыне, Карэлічах.
У Слоніме 29 ліпеня службы занятасці правядуць кірмаш вакансій для не занятых у эканоміцы, «у тым ліку асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, з мэтай прафілактычнага ўздзеяння».
У Свіслачы 25 ліпеня зладзяць кірмаш вакансій для «дармаедаў». Яго будуць праводзіць служба занятасці і міліцыя.
Ва Уздзе 24 ліпеня мясцовая ўправа працы, занятасці і сацабароны збіраецца «ўзяць удзел у пасяджэнні назіральнай камісіі, якое адбудзецца на базе Уздзенскага РАУС». «Спецыялісты службы занятасці дадуць звесткі аб вакансіях, якія ёсць у раёне, праінфармуюць грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы і знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, аб магчымасці праходжання прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, атрымання садзейнічання ў арганізацыі ўласнай справы», — паведамляе служба занятасці. Такое мерапрыемства маюць намер зладзіць 24 ліпеня ў Лідзе.
У Капылі, Дзяржынску і Маладзечне службы занятасці і міліцыя таксама зладзяць прафілактычныя акцыі для тых, хто стаіць на ўліку ў РАУС.
Нагадаем, 21 студзеня гэтага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна больш актыўна прыцягваць на рынак працы тых, хто не працуе. Асабліва ён указваў на Менск. А ў лістападзе 2024-га дыктатар сказаў, што ў Беларусі не павінна быць «валацуг і дармаедаў».