УСУ паказалі, як зенітны комплекс Skynex знішчае «Шахеды»
2- 12.07.2025, 15:28
- 10,742

Бездакорны вынік.
У Паветраных сілах УСУ паказалі відэа, у якім зенітныя артылерыйскія комплексы Skynex знішчаюць расейскія ўдарныя беспілотнікі.
Пра гэта паведамляе Telegram Паветраных сіл УСУ.
«Зенітны артылерыйскі комплекс Skynex кампаніі Rheinmetall на службе ў Паветраных сілах паказвае бездакорныя вынікі па знішчэнні варожых ударных БПЛА», – адзначылі ў Паветраных сілах УСУ.
Час і месца працы зенітнай устаноўкі ва УСУ трымаюць у сакрэце. Судзячы па відэа, прадуктыўная праца 35-мм аўтаматызаванай зенітнай гарматы выдатна зарэкамендавала сябе ў барацьбе з варожымі беспілотнікамі.
СПА Skynex ва Украіне
Skynex – гэта зенітны артылерыйскі комплекс распрацоўкі і вытворчасці кампаніі Rheinmetall. Гэтая сістэма СПА з'яўляецца даволі новай, бо была прадстаўленая ў лістападзе 2021 года.
Skynex належыць да сістэм супрацьпаветранай абароны малога радыусу дзеяння накшталт нямецкіх зенітных самаходных установак Gepard. Асноўным яе ўзбраеннем з'яўляецца 35-мм аўтаматычная гармата Oerlikon Mk3, якая мае эфектыўную далёкасць стральбы 4000 метраў і хуткастрэльнасць 1000 стрэлаў за хвіліну.
У студзені паведамлялася, што ўстаноўка СПА Skynex была перададзеная Украіне ад Нямеччыны разам з іншымі ўзбраеннямі, што ўвайшло ў абвешчаны новы пакет дапамогі.
Праз тры месяцы, ужо ў красавіку, ва Украіны з'явіўся яшчэ адзін комплекс СПА Skynex, перададзены Нямеччынай. Яшчэ ў лютым 2023 года паведамлялася, што Нямеччына перадасць Украіне дзве сістэмы СПА Skynex.