Праблемы МАЗа на расейскім рынку нарастаюць
6- 12.07.2025, 17:37
- 3,650

Несуцяшальныя вынікі першага паўгоддзя для завода.
Расейскае агенцтва "АСМ-холдынг" апублікавала вынікі продажаў грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў на рынку РФ у чэрвені, а таксама за першае паўгоддзе 2025-га. І зноў несуцяшальныя навіны для Менскага аўтазавода, піша "Салідарнасць".

Так, у чэрвені на расейскім рынку было прададзена 15 аўтобусаў МАЗ, што на 1 адзінку больш, чым у чэрвені 2024 года. Але гэта вельмі слабое суцяшэнне, бо падзенне паводле вынікаў першага паўгоддзя склала 2,2 разы — 132 аўтобусы супраць 294 за аналагічны перыяд летась.

Не лепей выглядае сітуацыя і з грузавікамі. За чэрвень іх прадалі ў Расеі 199 адзінак (515 у чэрвені 2024-га), а са студзеня да чэрвеня 2025-га - 1601 грузавік (2844). Падзенне продажаў у параўнанні з чэрвенем мінулага года склала -61,4%, а параўнанне з першымі месяцамі мінулага года выглядае так: -43,7%.
Як адзначае Позірк са спасылкай на профільныя расейскія сайты, аўтазавод "БелДжы", наадварот, нарасціў продажы.
Але тут ёсць адзін нюанс: беларускі вытворца актыўна дэмпінгуе ў Расеі, прапаноўваючы скідкі да $5000 і вышэй.