Лідары краін ЕЗ адрэагавалі на заяву Трампа аб 30% тарыфах
7- 12.07.2025, 19:49
- 4,230

Макрон заявіў аб «рашучым неўхваленні» пастановы.
Лідары яшчэ шэрагу краін Еўразвязу пракаментавалі заяву прэзідэнта ЗША аб намеры з 1 жніўня ўжываць 30-адсоткавыя тарыфы на тавары, імпартаваныя з ЕЗ, паведамляе "Еўрапейская праўда".
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў аб "рашучым неўхваленні" анансаванай Трампам пастановы.
"Цяпер як ніколі важна, каб Еўракамісія запэўніла ў гатоўнасці ЕЗ рашуча бараніць еўрапейскія інтарэсы. Між іншым, гэта азначае паскарэнне падрыхтоўкі належных контрзахадаў... Францыя выказвае поўную падтрымку Еўракамісіі ў перамовах, якія зараз узмоцняцца, з мэтай дасягнуць узаемапрымальнага пагаднення да 1 жніўня", – заявіў Макрон.
Прэм'ер Гішпаніі Педра Санчэс таксама падкрэсліў, што Мадрыд падтрымае Еўракамісію ў далейшым вядзенні перамоў з ЗША.
- Эканамічная адкрытасць і гандаль генеруюць дабрабыт. Неабгрунтаваныя тарыфы разбураюць яго... Разам еўрапейцы з'яўляюцца найбуйнейшым гандлёвым блокам у свеце. Нам варта выкарыстоўваць гэтую сілу для дасягнення справядлівага пагаднення, - адрэагаваў Санчэс.
"Хоць было зразумела, што ўсе варыянты "на стале", ЕЗ выразна сігналізаваў, што аддае перавагу пагадненню, якое дазволіць пазбегнуць эскалацыі. І гэтая пазіцыя захоўваецца... ЕЗ і ЗША павінны быць партнёрамі, а не апанентамі. Ад сапраўднага партнёрства выйграюць усе бакі", - пракаментаваў прэм'ер Ірландыі Міхол Марцін.
Прэм'ер Швецыі Ульф Крыстэрсан выказаў шкадаванне з нагоды заявы Трампа.
"Мы падтрымліваем імкненне Еўракамісіі працягнуць пошук развязанняў шляхам перамоў. ЕЗ гатовы адрэагаваць жорсткімі контрзахадамі, калі будзе неабходна. Але ад эскалацыі "гандлёвай вайны" прайграюць усе, а самы высокі кошт заплацяць амерыканскія спажыўцы. Швецыя выступае за свабодны гандаль і міжнароднае супрацоўніцтва", - пракаментаваў ён.
Нагадаем, 12 ліпеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што з 1 жніўня для імпарту з краін ЕЗ і Мексікі пачнуць дзейнічаць мыты сумаю 30%.
Прэзідэнт Еўракамісіі Уршула фон дэр Ляен пасля гэтага заявіла, што ЕЗ настроены працягваць перамовы з ЗША аб гандлёвым пагадненні, але гатовы да контрмер, калі дасягнуць кампрамісу не ўдасца.