26 лiпеня 2025, Субота, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Беластокам праходзіць маштабны беларускі фестываль TUTAKA

1
Пад Беластокам праходзіць маштабны беларускі фестываль TUTAKA

Сёння выступяць Dzieciuki i Krambambula.

Ва ўрочышчы Барык пад Беластокам пяты раз праходзіць самы маштабны беларускі фестываль за мяжой.

На фэсце разгарнуліся і актыўнасці для дзяцей. Для іх тут ладзяцца майстар-класы, танцы і забаўкі.

Пра свае падзеі «Радыё Рацыя» распавяла перформерка Кацярына Еўдакімава:

- Учора я вяла майстар-клас з дзеткамі. Мы малявалі. І вельмі класна бавілі час. А сёння мы будзем вышываць паштоўкі. Мне падаецца, будзе класна прывезці дадому такі маленькі сувенір, зроблены сваімі рукамі.

Нагадаем, да 21:00 на фэсце «Тутака» ладзяцца актыўнасці на розных пляцоўках, а пасля запрацуе галоўная сцэна, дзе выступяць беларускія калектывы. Сярод іх – Dzieciuki i Krambambula.

Пра тое, чым адметны сёлетні фестываль «Тутака», а таксама пра падзеі, якія чакаюць гасцей фэсту сёння і заўтра, паразмаўлялі з карэспандэнткай Марынай Савіцкай.

- Як выглядае мапа Фестывалю «Тутака» сёлета?

- У папярэднія гады музычныя выступы ладзіліся як на галоўнай сцэне «Тутака», так і на пляцоўцы «Тамака». Зараз жа на пляцоўцы «Тамака» адбываюцца менавіта дыскусіі, лекцыі, вось такога кшталту сустрэчы.

Дарэчы, варта будзе наведаць у нядзелю вечарам спатканне з арганізатарамі. Да ўсяго іншага непадалёк ад «Тамакі» ёсць яшчэ намёт Viedaka – там, дзе адбываюцца дыскусіі, квізы, сустрэчы з выдаўцамі і так далей. Ёсць таксама вельмі класная пляцоўка Chillaka – там ладзяцца нефармальныя сустрэчы з музыкамі. Канешне, ёсць і арт-маркет, які прадстаўлены не толькі мерчам, не толькі цішоткамі, вопраткай і так далей, але і кнігамі, сімволікай, сувенірамі.

- Вечарам сёння будзе вялікі канцэрт. Ці нешта адметнае чакае нас на гэтым канцэрце?

- Выступіць «Крамбамбуля» з Лявонам Вольскім, гурт ILI-ILI ў цікавым складзе. Выступяць таксама DZIECIUKI і SPIEVY Z-PAD MOSTA.

На фэст абуджаных «Тутака» працягваюць прыязджаць госці. Сярод іх – і музыкі, якія не заяўленыя ў лайн-апе, але з задавальненнем ладзяць выступы ў намётавым лагеры.

Адзін з іх – Сяргей Космас. Артыст распавёў, чаму прыехаў на імпрэзу:

- Атрымаць максімум пазітыву. Справа ў тым, што гэтая пляцоўка, як атамны рэактар, на якім сабраўся ўвесь агонь беларускай інтэлігенцыі, вельмі моцных людзей, добрых, прыгожых, разумных. Тут атрымліваеш мора пазітыўных эмоцый. Класнае свята!

Дарэчы, у намётавым лагеры на фэсце «Тутака» Сяргей Космас выканаў песню «Муры».

Сёння працягваюцца розныя актыўнасці для дзяцей і дарослых, а таксама выступаюць музыкі – падрабязней распавядзе Марына Савіцкая:

– Актыўнасць на фэсце «Тутака» яшчэ толькі набірае абароты. У гэтыя хвіліны завяршаецца інтэрактыўная прэзентацыя Музея вольнай Беларусі. Менавіта гэтая сустрэча, мне падаецца, адна з самых цікавых, таму што актыўна ўключаецца публіка, задае свае пытанні.

Ёсць таксама актыўнасці, прысвечаныя палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Напрыклад, дыскусія на тэму: ці можна будаваць Беларусь па-за межамі Беларусі. І тут гучаць досыць спрэчныя заявы, якія выклікаюць часам абурэнні публікі. Але разам з тым спікеры прыходзяць да агульных высноваў.

Фэст будзе доўжыцца да 13 ліпеня ўключна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках