«Расейская эліта ў паніцы»
7- 12.07.2025, 21:57
- 22,744
360.png)
Пасля таго, што адбылося з экс-міністрам РФ.
Расейскія эліты ўзрушаны меркаваным самагубствам былога міністра транспарту РФ і экс-губернатара Курскай вобласці Рамана Старавойта і сур'ёзна асцерагаюцца за сваё жыццё.
Паводле звестак крыніц тэлеграм-канала Faridaily, частка прадстаўнікоў эліты ўспрыняла гэта як "дэмарш" у адрас Крамля.
Крыніцы, блізкія да ўрадавых колаў, паказваюць, што страх у эліце нарастае ўжо не першы год на фоне жорсткіх прысудаў, крымінальных спраў і ціску з боку сілавікоў. Адзін з былых чыноўнікаў параўнаў існую сітуацыю з рэпрэсіямі сталінскай эпохі, дзе "любы, які трапіў у жорны сістэмы, асуджаны".
Суразмоўца ўспомніў пажыццёвыя і вялікія тэрміны, якія даюць учорашнім высокапастаўленым чыноўнікам, а таксама згадаў аб смерці верхавода ПВК "Вагнер" Яўгена Прыгожына, гелікоптэр якога пацярпеў катастрофу праз некаторы час пасля няўдалай спробы паходу "вагнераўцаў" на Маскву.
У дадатак да гэтага ў Расеі праходзіць маштабная хваля нацыяналізацый. Так, толькі на мінулым тыдні дзяржава атрымала кантроль над актывамі на суму больш за $50 млрд. У іх ліку кампанія "Южуралзолото", якая раней належала мільярдэру Канстанціну Струкаву, якога, як паведамляюць расейскія СМІ, затрымалі пры спробе пакінуць тэрыторыю Расеі.
Палітолаг Абас Галямаў уважае, што "сістэма пачынае пажыраць сама сябе".
Прадстаўнікі расейскай эліты аказаліся ў своеасаблівай пастцы: праз санкцыі і негалосныя абмежаванні з боку Крамля выезд за мяжу для іх фактычна закрыты.
Смерць Старавойта стала настолькі адчувальнай тэмай, што нават яго былыя калегі асцерагаюцца выказваць спачуванні публічна.