Вар'яцтва Лукашэнкі набыло новую форму
23- 13.07.2025, 10:45
- 35,588

І вылілася ў дыверсію.
Ініцыятыва Уладзіміра Пуціна прывяла да таго, што двум беларускім гарадам прысвоілі званне, якое гучыць як ідэалагічная дыверсія, піша UDF.
2 ліпеня, напярэдадні «дня незалежнасці», у Баранавічах урачыста адкрылі манумент дзесяціметровай вышыні – у гонар прысваення ганаровага звання Судружнасці незалежных дзяржаваў «Горад працоўнай славы 1941–1945 гадоў».
Так, вы збянтэжыліся невыпадкова: большасць беларускіх населеных пунктаў да лета 1944 года знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. А тут чыноўнікі раптам загаварылі, што горад, які знаходзіўся пад уладай фашыстаў, быў узорам «працоўнай славы».
Прычым якія чыноўнікі: намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Матусевіч, першы намеснік генсакратара СНД Ігар Петрышэнка, старшыня Берасцейскага аблвыканкама Пётр Пархомчык, памочнік прэзідэнта ў Берасцейскай вобласці Аляксандр Ломскі.
Званне «Горад працоўнай славы 1941–1945 гадоў» таксама прысвоенае Оршы – але й гэты горад да лета 1944-га знаходзіўся пад акупацыяй.
Але ў вар'яцтва чыноўнікаў ёсць тлумачэнне.
Перамога ад Пуціна
Адкуль увогуле ўзялося званне «Горад працоўнай славы 1941–1945 гадоў»? Яно ўзнікла з ініцыятывы Уладзіміра Пуціна. У кастрычніку летась на саміце СНД ён прапанаваў заснаваць такое званне і прысвоіць яго гарадам, жыхары якіх зрабілі асаблівы ўнёсак у дасягненне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Кіраўнік Расеі гаварыў пра тылавыя гарады:
«Гэта стане сімвалам прызнання і павагі калектыўнага подзвігу нашых народаў, усіх тых, хто працаваў у тыле, дапамагаў у разгроме ворага».
Як вядома, пры Пуціну ў Расеі заквітнела «победобесие» – гіпербалічнае святкаванне Дня Перамогі ў прапагандысцкіх мэтах. Сярод іншага ў РФ ужо даўно існуе званне «горада працоўнай славы», якое прысвоенае блізу 70 населеным пунктам.
Відаць, Пуцін пастанавіў «зрабіць прыемнае» і хаўруснікам СНД: няхай Другая сусветная вайна на землях большасці з іх не праходзіла, затое можна цяпер атрымаць званне з гераічнай назвай за працу ў тыле.
Нагадаем, што нават у СНД хаўруснікаў у РФ засталося няшмат – усяго восем (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Узбекістан, Таджыкістан).
Першапачаткова здавалася, што беларускія гарады да гэтай ініцыятывы ніяк не прышыць. Вось што пісаў адзін з расейскіх прапагандысцкіх рэсурсаў:
«Краіны на заходняй мяжы сучаснай Расейскай Федэрацыі – Украіна, Беларусь і Малдова – падчас вайны былі акупаваныя аб'яднанымі сіламі еўрапейскіх кааліцыйных войскаў на чале з нацысцкай Нямеччынай. Таму абраць прэтэндэнтаў на новае ганаровае званне ў гэтых краінах цяжка. Рэгіёны РСФСР – Паволжа, Урал, Сібір, рэспублікі Каўказа і Сярэдняй Азіі ў час вайны не толькі кавалі перамогу савецкага народа, але і сталі прыстанішчам для эвакуяваных заводаў і фабрык. Іх сталіцы і буйныя гарады прынялі ў сябе мільёны бежанцаў і працоўныя калектывы прамысловых прадпрыемстваў з акупаваных і прыфрантавых тэрыторый».
Аднак чыноўнікі змудравалі настолькі, што беларускія гарады ў спіс трапілі.
Сёлета 26 чэрвеня Рада кіраўнікоў дзяржаваў СНД прыняла пастаову аб прысваенні ганаровага звання «Горад працоўнай славы. 1941–1945 гг.» шэрагу гарадоў краінаў Судружнасці – за «бесперабойную вытворчасць ваеннай і цывільнай прадукцыі, забеспячэнне фронту неабходнымі рэсурсамі, арганізацыю працы ваенных шпіталяў».
У спісе першых гарадоў, уганараваных званнем, Баку (Азербайджан), Гюмры (Арменія), Баранавічы і Орша (Беларусь), Алматы, Астана, Атырау, Караганда, Кастанай, Паўладар і Рыдэр (Казахстан), Кадамжай і Майлуу-Суз Андыжан, Наманган, Самарканд, Ташкент і Фергана (Узбекістан).
Як чыноўнікі нацягваюць саву на глобус
Не зусім зразумела, навошта беларускім гарадам удзел у дзіўнай ініцыятыве. Але чыноўнікі з усіх сілаў нацягваюць саву на глобус, адмаўляючыся ад логікі і здаровага сэнсу. На адкрыцці манумента ў Баранавічах некаторыя рабілі акцэнт, на тым, што працаўнікі «ў найкарацейшыя тэрміны аднавілі горад з попелу і руінаў».
Але фактычна ініцыятыва выглядае ідэалагічнай дыверсіяй: Баранавічы былі пад нямецка-фашысцкай акупацыяй і ў гэты самы час яны сталі «горадам працоўнай славы»…