Трамп змяніў сваё стаўленне да Пуціна: Прагучаў важны сігнал
7- 13.07.2025, 13:40
- 13,662

Экс-памочнік дзяржсакратара ЗША раскрыў падрабязнасці.
Сігналам змены стаўлення прэзідэнта ЗША да расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна стане аднаўленне паставак ваеннай дапамогі для Украіны, якія былі спыненыя на мінулым тыдні праз «вельмі недарэчную пастанову Пентагона». Такое меркаванне выказаў былы памочнік дзяржсакратара ЗША, дырэктар Інстытута Джорджа Буша Дэвід Крэмер у інтэрв'ю «Радыё Свабода».
«Прэзідэнт даў распараджэнне аб пастаўках узбраенняў, сярод іншага ракетаў да комплексаў “Patriot”. Ён таксама звярнуўся да еўрапейскіх партнёраў з запытам, ці могуць яны даць украінцам такія ракеты са сваіх арсеналаў. Калі мы ўбачым аднаўленне рэгулярнага ўзбраення, гэта будзе азначаць разварот у курсе, якога Трамп прытрымліваўся да гэтага часу. Гэты курс, як стала відавочна, не вядзе нікуды, бо Уладзімір Пуцін прадэманстраваў поўную адсутнасць цікавасці да спынення вайны, нягледзячы на шматлікія спробы Трампа пераканаць яго пагадзіцца на перамір'е», – адзначыў ён.
Крэмер мяркуе, што Трамп шчыра хоча дасягнуць заканчэння вайны, таму адчувае боль, калі бачыць чалавечыя ахвяры і разумее, што адказнасць за смерць людзей і разбурэнні нясе менавіта прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, які і пачаў гэтую вайну.
«У той самы час, яшчэ падчас першага прэзідэнцтва Дональд Трамп наладзіў працоўныя стасункі з Пуціным, а з Уладзімірам Зяленскім яны не склаліся – што наглядна прадэманстравала сумна вядомая сустрэча Трампа і Зяленскага ў Белым доме 28 лютага сёлета. Зрэшты, апошнія месяцы выразна паказалі змену гэтага балансу. Сустрэчы Трампа і Зяленскага праходзяць у атмасферы ўзаемаразумення, стасункі паміж двума прэзідэнтамі, мяркуючы з усяго, паляпшаюцца, а кантакты Трампа з Пуціным не прыносяць чаканых вынікаў. Больш за тое – на апошнюю размову Трампа на мінулым тыдні Пуцін «адказаў» масаванымі авіяўдарамі па Украіне, ахвярамі якіх сталі дзясяткі мірных жыхароў», – падкрэсліў былы памочнік дзяржсакратара ЗША.
Паводле словаў Крэмера, Трамп цяпер раздражнёны, а тон ягоных заяваў на адрас Пуціна становіцца больш грубым. Таксама эксперт зазначыў, што прэзідэнт ЗША разумее, што расейскі дыктатар не хоча заканчваць вайну.
«Я думаю, ёсць даволі высокая верагоднасць таго, што падыход прэзідэнта Трампа да гэтага канфлікту мяняецца. Толькі што паступілі паведамленні, што ён не супраць даць ход законапраекту аб другасных санкцыях супраць краінаў, якія гандлююць з Расеяй. Гэты законапраект актыўна прасоўвае ягоны палітычны хаўруснік – сенатар Ліндсі Грэм. Спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан таксама абвясціў, што ніжняя палата Кангрэса будзе гатовая разгледзець адпаведны законапраект», – запэўніў дырэктар Інстытута Джорджа Буша.
Крэмер выказаў меркаванне, што прэзідэнт Трамп пачынае вызваляцца ад ілюзій, якія былі заўважныя раней, асабліва тады, калі ён гаварыў, што зможа скончыць вайну ва Украіне за адзін дзень.
«Спадзяюся, яму становіцца відавочна, што спыніць вайну можна толькі прычыніўшы боль Пуціну: праз пастаўкі зброі Украіне, канфіскацыю 300 мільярдаў даляраў расейскіх дзяржактываў у заходніх банках – гэта значыць, даўшы зразумець, што ў яго няма іншага выйсця, акрамя як заключыць мірнае пагадненне з Украінай», – дадаў ён.