У Баку прайшла сустрэча прадстаўнікоў Ізраіля і Сірыі
- 13.07.2025, 11:26
- 2,602

У час знаходжання там сірыйскага прэзідэнта.
У Баку, падчас знаходжання там сірыйскага прэзідэнта Ахмеда аш-Шараа, адбылася прамая сустрэча прадстаўніка Ізраіля з прадстаўніком Сірыі.
Пра гэта паведамляе AFP са спасылкай на крыніцу ў Дамаску, які хоча застацца неназванай, паведамляе «Радыё Свабода». Прэзідэнт Сірыі не браў удзелу ў сустрэчы, якая была сканцэнтраваная на «нядаўняй ваеннай прысутнасці Ізраіля ў Сірыі», дадала крыніца.
Пасля падзення рэжыму Башара Асада ў Сірыі ў снежні летась Ізраіль нанёс сотні авіяўдараў па сірыйскіх вайсковых аб'ектах і накіраваў свае войскі ў кантраляваную ААН буферную зону, якая раней падзяляла супрацьлеглыя сілы на стратэгічна важных Галанскіх вышынях.
Нягледзячы на тое, што Ізраіль з недаверам паставіўся да новага сірыйскага ўраду праз ягоныя сувязі ў мінулым з «Аль-Каідай» і мэтанакіравана разбураў сірыйскія вайсковыя аб'екты, Ахмед аш-Шараа неаднаразова заяўляў, што Сірыя не імкнецца да канфлікту з суседзямі, і заклікаў міжнародную супольнасць ціснуць на Ізраіль з мэтай спынення ягонай атакі на Сірыі. Сірыйскі ўрад нядаўна пацвердзіў непрамыя кантакты з Ізраілем з мэтай вяртання да пагаднення 1974 года аб раз'яднанні сірыйскіх і ізраільскіх сілаў, якое прадугледжвала стварэнне буфернай зоны.
У канцы чэрвеня міністр замежных справаў Ізраіля Гідэон Саар заявіў, што Ізраіль зацікаўлены ў заключэнні пагаднення аб міры і нармалізацыі стасункаў з Сірыяй. Крыніца ва ўрадзе Сірыі, якую працытавалі сірыйскія дзяржаўныя СМІ, у адказ назвала размовы аб пагадненні з Ізраілем «заўчаснымі». Аднак падчас візіту ў Ліван на гэтым тыдні спецыяльны пасланнік ЗША датычна Сірыі Том Барак заявіў: «Дыялог паміж Сірыяй і Ізраілем пачаўся».
Пасля сустрэчы ў траўні з Ахмедам аш-Шараа ў Эр-Рыядзе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў надзею, што Сірыя далучыцца да іншых арабскіх дзяржаваў, якія нармалізавалі стасункі з Ізраілем.
Падчас візіту ў Баку прэзідэнт Сірыі правёў перамовы са сваім азербайджанскім калегам Ільхамам Аліевым, паведамілі ўрады абедзвюх краінаў. Азербайджан абвясціў пра пачатак экспарту газу ў Сірыю праз Турцыю – ключавога хаўрусніка абедзвюх дзяржаваў.