Кілеры, якія забілі палкоўніка СБУ ў Кіеве, ліквідаваныя
47- 13.07.2025, 19:02
- 40,792

Малюк раскрыў першыя дэталі.
Украінскія праваахоўнікі знайшлі і ліквідавалі кілераў, якія забілі палкоўніка СБУ Івана Вароніча ў Кіеве 10 ліпеня.
Пра гэта заявіў кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк.
Паводле словаў Малюка, расейцы заўчасна накіравалі ва Украіну агентурна-баявую групу ФСБ. Тры дні таму яна забіла супрацоўніка СБУ палкоўніка Івана Вароніча.
У выніку правядзення негалосных вышуковых, актыўна-контрвыведных мерапрыемстваў варожае логава ўдалося выявіць.
«Падчас затрымання яны пачалі супраціўляцца, быў агнявы кантакт, таму нягоднікі ліквідаваныя. Хачу нагадаць, што адзіная перспектыва ворага на тэрыторыі Украіны – гэта смерць», – падкрэсліў Малюк.
Ён падзякаваў за прафесіяналізм і падтрымку супрацоўнікаў Дэпартамента крымінальнага вышуку Нацпаліцыі.
Дэталі ад СБУ
Як высветлілася, забойства палкоўніка СБУ Івана Вароніча здзейснілі мужчына і жанчына. Іх куратар загадаў ім сачыць за палкоўнікам, высветліць ягоны графік дня і маршруты перамяшчэння.
Пасля гэтага расеец перадаў агентам каардынаты схованкі, дзе знаходзіўся пісталет.
Пасля забойства Вароніча кілеры спрабавалі «залегчы на дно». Але супрацоўнікі СБУ знайшлі іх месцазнаходжанне ў Кіеўскай вобласці. Сёння, 13 ліпеня, раніцай у выніку аперацыі СБУ кілеры былі ліквідаваныя.
Забойства Вароніча
Палкоўнік СБУ Іван Вароніч быў застрэлены раніцай 10 ліпеня ў Галасееўскім раёне Кіева, калі пакідаў пад'езд свайго дому – невядомы стрэліў у яго некалькі разоў з пісталета і ўцёк з месца здарэння.
Вароніч служыў у Цэнтры спецыяльных аперацый («Альфа»), які займаўся актыўнымі дыверсіямі супраць расейскіх сілаў з 2014 года, у тым ліку – ліквідацыяй важных фігураў расейскай акупацыйнай адміністрацыі.