Украіна пачала масава практыкаваць рабатызаваныя штурмы расейскіх пазіцый
2- 13.07.2025, 11:47
- 4,822

Баец УСУ здзівіў аповедам.
Штурмы расейскіх пазіцый беспілотнымі сістэмамі ўкраінскія падраздзяленні пачалі практыкаваць блізу двух гадоў таму, у той час як сёння такія спробы набліжаюцца да масавага ўжывання.
Пра гэта ў супольным праекце Radio NV і Сухапутных войскаў расказаў камандзір роты наземных рабатызаваных сістэмаў 93-й АМБр Аляксандр з поклічам Электрык.
Тэму штурмаў без удзелу людзей ён закрануў, каментуючы пытанне пра падобны прыклад атакі, якую нядаўна ажыццявіла Трэцяя штурмавая брыгада, захапіўшы варожую пазіцыю і нават узяўшы некалькіх расейцаў у палон.
«Я вас зараз троху, мабыць, здзіўлю, але падобныя аперацыі ўжо праводзіліся, і не адзін раз. Праўда, не з такім яркім эфектам, каб проста з узяццем у палон, гэта рэальна першы факт. Але штурмы пазіцый беспілотнымі сістэмамі мы ўжо практыкавалі плюс-мінус два гады таму. Проста гэта не было мэйнстрымам, пра гэта мала хто гаварыў, паказваў, апавядаў, але гэта ўжо было», – расказаў Электрык.
Паводле ягоных словаў, цяпер падобныя аперацыі пачалі «больш актыўна прасоўвацца, папулярызавацца – гэтак сама, як у свой час і FPV-дроны з'явіліся, яшчэ ў 2015 годзе». Вайсковец нагадаў, што DJI дроны лёталі пачынаючы з 2014 года, але пра іх усе загаварылі толькі ў 2022 годзе.
«Гэтак сама і з наземнымі дронамі. Яны былі і ў АТА. Вытворца, на жаль, ва Украіне ў той час быў толькі адзін. А цяпер гэта ўжо набыло такую папулярызацыю праз тое, што мы вымушаныя да гэтага ісці: хочам, не хочам, а людзей мала. Таму і паступова яно сябе паказвае», – дадаў камандзір роты наземных рабатызаваных сістэмаў 93-й АМБр.
Паводле ягоных словаў, таксама такое выкарыстанне беспілотных сістэмаў цяпер толькі маштабавалася. «Калі раней гэта былі адзінкавыя выпадкі, то цяпер мы ўжо пераходзім на, можна сказаць, масавае ўжыванне, як у свой час, Мавік ці FPV-Дрон», – рэзюмаваў Электрык.
9 ліпеня Трэцяя штурмавая брыгада паведаміла, што правяла беспрэцэдэнтную аперацыю – без пяхоты, стратаў і са 100% эфектыўнасцю, атакаваўшы з дапамогай дронаў і наземных рабатызаваных комплексаў (НРК) варожыя пазіцыі на Харкаўшчыне. Такім чынам удалося ўзяць расейскіх акупантаў у палон. Варожыя фартыфікацыі атакавалі FPV і наземнымі робатамі-камікадзэ. Да разбуранага бліндажу ўжо набліжаўся наступны робат, калі вораг, каб унікнуць падрыву, абвясціў пра капітуляцыю.