Залужны: Нас чакае наперадзе зусім новая вайна
36- 13.07.2025, 21:22
- 34,328

ФОТА: REUTERS
Мазгі важнейшыя за грубую сілу.
Адзіная стратэгія перамогі для Украіны ў вайне, якую развязала краіна-агрэсарка Расея, заключаецца не толькі ў працы на лініі фронту, але і ў стварэнні сістэмы «жыццеўстойлівасці» краіны і асіметрычных магчымасцяў на аснове тэхналогій.
Такое меркаванне выказаў былы галоўны камандзір Узброеных сілаў Украіны, надзвычайны амбасадар Украіны ў Вялікай Брытаніі Валеры Залужны ў прадмове да кнігі журналіста Рамана Раманюка «Чым будуць ваяваць у Трэцяй сусветнай». Урывак з гэтай прадмовы, якую экс-кіраўнік напісаў восенню 2024 года, 13 ліпеня апублікавала выданне «Украінская праўда».
Як адзначае Залужны, ваенна-тэхналагічная рэвалюцыя ўжо пачалася, і гэта стварае ўмовы для такога тыпу ваеннага канфлікту, як вайна на знясіленне.
«Стратэгія вайны будзе накіраваная не столькі на захоп тэрыторый, колькі на знясіленне рэсурсаў і магчымасцяў ворага, стварэнне хаосу і, як вынік, знішчэнне здольнасці нацыі да супраціву», – піша Залужны.
Аналізуючы стратэгію перамогі Украіны, экс-галоўны камандзір УСУ падкрэслівае, што фармаванне жыццеўстойлівасці дзяржавы і асіметрычных магчымасцяў на аснове тэхналагічных ідэяў магчымае толькі пры безумоўным кантролі сітуацыі на фронце і супрацьдзеянні інфармацыйным пагрозам.
«Не проста стойкасць, а катэгарычны і своечасовы адказ – гэта гарантыя нашай Перамогі. Нас чакае наперадзе зусім новая вайна. Вайна паводле новых правілаў», – падкрэслівае Валерый Залужны.
Але, адзначае былы галаўкам УСУ, украінцы паказалі, на што здольныя. Нават у новай вайне, зазначыў Залужны. Ён таксама выказаў упэўненасць, што на фронце расейска-ўкраінскай вайны фармуецца прынцыпова новая дактрына вядзення сучаснай вайны.
Рэзюмуючы, Валеры Залужны падкрэсліў, што цалкам падтрымлівае меркаванне эксперта ў пытаннях нацыянальнай бяспекі, знешняй палітыкі і тэрарызму Шона Макфейта, які паказвае, што «палова Перамогі — гэта разуменне таго, як яна выглядае… Мазгі важнейшыя за грубую сілу».