Беларускія камбайны гараць проста на палетках
12- 13.07.2025, 16:20
- 4,688

З пачатку года на аб'ектах АПК пашкоджаныя ці згарэлі 14 адзінак тэхнікі.
З пачатку ліпеня на аб'ектах аграпрамысловага комплексу адбылося восем пажараў, вынікае з праведзенага «Позіркам» параўнання дзённых справаздач Міністэрства надзвычайных сітуацый.
Апошні такі выпадак зафіксаваны 12 ліпеня — пажар адбыўся ў зернеачышчальна-сушыльным комплексе ў Мядзельскім раёне (Менская вобласць).
Паводле справаздач, агнём былі знішчаныя або пашкоджаныя чатыры адзінкі тэхнікі. Электраправодка кормаўборачнага камбайна КВК-800 «Палессе FS80» была пашкоджаная 15 чэрвеня ў Старадарожскім раёне (Менская вобласць); аналагічная сельгасмашына знішчаная на наступны дзень у Вілейскім раёне (Менская вобласць); 20 чэрвеня ў Драгічыне (Берасцейская вобласць) агнём пашкоджаная кабіна, маторны адсек, лакафарбавае пакрыццё і правае задняе кола; 3 ліпеня ў Мастоўскім раёне (Гарадзенская вобласць) агнём знішчаны трактар, пашкоджаная модульная ратацыйная касілка.
За перыяд з 15 чэрвеня агнём было знішчана 75 т саломы, 20 т сена, 0,301 га пасеваў.
У выніку пажару на тэрыторыі малочнатаварнай фермы ў Лельчыцкім раёне (Гомельская вобласць) загінулі 15 кароў, пашкоджаны дах і сцены будынка на плошчы 600 кв. м.