Ва Украіне з нецярпеннем чакаюць важную заяву Трампа наконт Расеі
6- 13.07.2025, 16:58
- 3,716

Прэзідэнт ЗША анансаваў выступ на 14 ліпеня.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў усіх заінтрыгаваў, анансаваўшы, што 14 ліпеня зробіць «вялікую заяву» наконт Расеі.
Як адзначыла выданне BILD са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе Украіны, у Кіеве чакаюць заяву Трампа з трывогай.
«Мы перабралі ўсе магчымыя варыянты, каб пераканаць Трампа, што Пуцін не хоча міру і працягне бамбаваць. Спадзяюся, Трамп нарэшце гэта зразумеў», - сказала крыніца выдання.
Яна дадала, што ўсе нядаўнія кантакты з расейцамі выразна паказалі, што Пуцін не зацікаўлены ў рэальных перамовах.
У апошні час СМІ абмяркоўваюць настрой Трампа ў дачыненні да Пуціна. Усе наперабой кажуць, быццам ён губляе цярпенне ў дачыненні да свайго расейскага сябра. Аднак у сусветных аглядальнікаў ёсць вялікія сумневы, што Трамп увядзе зруйнавальныя санкцыі супраць РФ.
А 11 ліпеня кіраўнік Белага дома анансаваў, што зробіць «важную заяву» па Расеі на фоне незадаволенасці Пуціным.
Разам з гэтым анонсам ён заявіў, што ЗША будуць пастаўляць зброю NATO, а альянс, заплаціўшы за яе, зможа перадаваць яе Украіне. Характэрна, што сярод гэтай зброі могуць быць амерыканскія сістэмы СПА Patriot, неабходныя Украіне для абароны ад расейскіх авіяўдараў.