Reuters: Беларускія банкі і абаронная прамысловасць пад ударам
17- 14.07.2025, 21:07
- 21,708

ЕЗ амаль узгадніў 18-ы пакет санкцый.
Адзначаецца, што ўжо ўзгодненыя ўсе элементы пакета, але адна з краін-чальцоў захоўвае тэхнічныя агаворкі з нагоды новай коштавай граніцы на расейскую нафту.
Крыніцы Reuters на ўмовах ананімнасці паведамілі, што чакаюць заканчэння перамоў 14 ліпеня, напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў МЗС ЕЗ у Брусэлі, дзе пакет можа быць афіцыйна ўхвалены.
Таксама Reuters піша, што паслы ЕЗ пагадзіліся на ўкараненне дынамічнага цэнавага механізму. У пятніцу Еўракамісія прапанавала зменлівую мяжу кошту расейскай нафты - на 15% ніжэй за сярэдні рынкавы кошт за апошнія тры месяцы.
"Адная з крыніц паведаміла, што пачатковы кошт складзе блізу 47 даляраў за барэль, зыходзячы з сярэдняга кошту расейскай нафты за апошнія 22 тыдні мінус 15%. Таксама пастанавілі пераглядаць кошт кожныя шэсць месяцаў, а не кожныя тры, як прапаноўвалася раней”, — паведамляе Reuters.
Славакія, якая раней блакавала прыняцце пакета, дагэтуль чакае ад Еўракамісіі гарантый, бо асцерагаецца паэтапнай адмовы ад паставак расейскага газу.
18-ы пакет санкцый ЕЗ звязаны з уварваннем Расеі ва Украіну. Санкцыі накіраваныя на даходы Масквы ад энэргетыкі, яе банкі і вайсковую прамысловасць. Таксама ў гэтым пакеце, як паведамлялася, будзе ўведзеная поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі, якая раней тычылася толькі Swift.
Паведамляецца, што дадатковыя санкцыі абмяркоўваліся супраць чатырох банкаў, якія ўжо траплялі пад абмежаванні з боку ЕЗ — гэта «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк», «Белінвестбанк» і «Банк Дабрабыт».
Таксама ў новым пакеце пад санкцыі трапяць чатыры беларускія кампаніі, якія працуюць у сферы абароны і вайсковай прамысловасці. І ўпершыню пад забарону патрапіць імпарт зброі з Беларусі ў ЕЗ.