Украіна ўдарам HIMARS абезгаловіла элітную 155-ю брыгаду марскіх пяхотнікаў
18- 14.07.2025, 12:53
- 27,580

Ліквідаваныя шэсць афіцэраў.
Прынамсі шэсць высокапастаўленых афіцэраў 155-й брыгады марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту загінулі 2 ліпеня ў выніку ўдару Узброеных Сіл Украіны (УСУ) з HIMARS па прыватным доме ў Кораневе Курскай вобласці, дзе размяшчаўся пункт часовай дыслакацыі расейскіх вайскоўцаў. Падлік правяла "Новая газета Еўропа" на аснове адкрытых крыніц.
Першапачаткова Мінабароны пацвердзіла гібель намесніка галоўнага камандзіра вайсковага марскога флоту (ВМФ) РФ па берагавых войсках і артылерыі генерал-маёра Міхаіла Гудкова. У ведамстве расказалі, што гэта адбылося 2 ліпеня на мяжы Курскай вобласці з Украінай. Пуцін другі раз узнагародзіў вайскоўца медалём «Залатая Зорка» — ужо пасмяротна. Такім чынам Гудкоў стаў першым у гісторыі двойчы Героем Расеі. Прызначаючы генерала на пасаду намесніка кіраўніка ВМФ у сакавіку, Пуцін казаў, што той будзе камандаваць усёй марской пяхотай флоту, а таксама ракетнымі і артылерыйскімі берагавымі войскамі. Прэзідэнт называў 155-ю брыгаду адной з найлепшых ва Узброеных Сілах Расеі.
Падраздзяленне дыслакуецца ў Прыморскім краі. Кіраўнік рэгіёну Алег Кажамяка паведаміў, што разам з Гудковым загінуў «яго верны таварыш» падпалкоўнік Нарыман Шыхаліеў, які служыў паводле кантракту ў марской пяхоце з пачатку вайны. Афіцэра пахавалі ў Дэрбенце 5 ліпеня. Адміністрацыя аднаго з раёнаў Чувашыі паведаміла 11 ліпеня аб развітанні з палкоўнікам 155-й брыгады Сяргеем Ільіным, пра што напісала «РИА Новости». У той жа дзень улады Барнавула апублікавалі некралог капітану другога рангу Аляксандру Шыпунову. Яшчэ адзін забіты афіцэр-начальнік штаба брыгады палкоўнік Леанід Башкардзін з Курска. Пра яго паведаміла арганізацыя ветэранаў «Баявое братэрства». А 7 ліпеня ў тэлеграм-канале Батліхскага раёна Дагестана з'явіўся допіс пра гібель у Курскім памежжы памочніка Башкардзіна маёра Шаміля Муртазаліева.
Паводле звестак суполкі «Попел Курск», усяго ў выніку ўдару УСУ па палявым штабе ў Каранёве загінулі 12 расейскіх вайскоўцаў. У некралогу ветэранскай арганізацыі «Тайфун» гаварылася, што ў перадавы пункт кіравання прыляцелі чатыры ракеты, і акрамя Гудкова, былі забітыя як мінімум 10 чалавек, многія з якіх былі старшымі афіцэрамі: новы камандзір брыгады, яго намеснікі, камандзіры батальёнаў і кіраўнікі службаў. Крыніца «Коммерсанта» сцвярджала, што агнявы налёт адбыўся падчас шыхтавання асабовага складу.
155-я брыгада ўдзельнічала ва ўварванні з самага пачатку. Са звестак Украінскай вайсковай выведкі, марскія пяхотныя падраздзяленні датычныя да забойстваў мірных жыхароў у Бучы, Ірпені і Гастомелі Кіеўскай вобласці, а таксама да расстрэлаў ваеннапалонных. У жніўні 2024-га вайсковыя брыгады апублікавалі відэа з насаджанай на кол галавой украінскага байца.