Лукашэнка пачаў дзяліцца вар'яцкімі ідэямі з Расеяй
38- 14.07.2025, 21:47
- 36,232

Як дыктатар расейскага губернатара эканоміцы вучыў.
Кошты павінны быць справядлівымі. Таму рэгуляваць кошты не трэба. Таму што ўсё роўна не атрымаецца. А трэба кошты не рэгуляваць, але так, каб справядлівыя кошты былі, а несправядлівых коштаў не было. Што такое справядлівыя кошты, Лукашэнка не ў курсе, але затое ведае, дзе іх узяць. Трэба, каб Расея ўвяла рэгуляванне коштаў паводле беларускага ўзору, піша planbmedia.io.
Пра справядлівыя кошты Лукашэнка чамусьці ўспомніў на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым.
"Як я галоўнаму нашаму цэнавіку кажу, не трэба нічога рэгуляваць, мы не ўмеем гэта рабіць, і гэта немагчыма цяпер у гэтым хаосе, — сказаў ён. - Людзі хочуць справядлівасці".
І амаль не схлусіў. І не ўмеюць улады рэгуляваць кошты, і не атрымліваецца ў іх гэтага рабіць. Але гэта не значыць, што яны не спрабуюць. Два з лішнім гады коштавага рэгулявання давялі краіну да дэфіцыт бульбы, капусты і цыбулі. Маглі б давесці да дэфіцыту і іншай карыснай гародніны і садавіны. Але тут улады падмітусіліся і дазволілі ўвоз гэтай гародніны і садавіны з непрыязных краін.
Што такое справядлівы кошт, Лукашэнка не ўдакладніў. Бо і сам не ў курсе. Хоць ужо два гады спрабуе гэта высветліць. Затое папярэдзіў, што ўраду не паздаровіцца, калі ўрад не прыдумае для яго справядлівыя кошты.
“Але адчуваю, што са змяненнем урада пасля выбараў там пачаліся свавольствы. Я гэта бачу. Мне людзі пішуць кожны дзень. Так што рыхтуйцеся, будзеце паведамляць мне пра справядлівую цану", - сказаў ён.
Пакуль, праўда, з коштавай справядлівасцю не складваецца. Інфляцыя ў Беларусі за шэсць месяцаў паскорылася да 7,3 адсотка. Пры гэтым патэнцыял беларускай інфляцыі ўжо па выніках першага квартала склаўся блізу 12 адсоткаў.
Так што ўжо ў канцы чэрвеня ўлады пачалі адступаць, часткова скасаваўшы частковую лібералізацыю коштаў. Рэгуляванне цэн на мяса-малочную і кандытарскую прадукцыю вярнулі нават у больш цвёрдым варыянце, чым той, які быў да частковай лібералізацыі.
Праўда, ёсць нюансы. Як паказала гісторыя з дэфіцытам бульбы, коштавы кантроль у Беларусі багаты непрыемнымі сюрпрызамі, калі побач ёсць расейскі рынак. А на расейскім рынку няма ніякага коштавага кантролю. Таму што танныя беларускія тавары становіцца больш выгадна прадаваць дорага ў Расеі. Так што нездарма, атрымліваецца, Лукашэнка ўспомніў пра рэгуляванне коштаў на сустрэчы з расейскім губернатарам.
"Цяпер галоўнае пытанне ў нас і ў Расеі — справядлівасць. Людзі далёкія ад нашай гэтай эканомікі. Гэта ім і не трэба. Але яны хочуць справядлівасці. Я абсалютна перакананы, што і Расея да гэтага прыйдзе. Хочам мы гэтага ці не, мы вымушаныя будзем гэтую справядлівасць ствараць”, — сказаў ён.
Гэта значыць, расейскім уладам Лукашэнка прапанаваў пераняць ягоны прыклад. Увесці ў сябе цэнавае рэгуляванне паводле беларускага ўзору. Таму што інакш беларускі коштавы кантроль небяспечны ўсялякімі непрыемнымі дэфіцытамі, а беларуская інфляцыя імкнецца здагнаць і перагнаць расейскую.