«Лісічак - хоць касой касі!»
11- 14.07.2025, 14:35
- 5,654

Беларускія грыбнікі выхваляюцца здабычай.
Мінулыя дажджы, здавалася б, павінны былі занесці ў беларускія лясы процьму грыбоў. Так гэта ці не - журналісты даведаліся з тэматычных супольнасцяў у сацсетках, дзе аматары “ціхага” палявання раз-пораз выхваляюцца сваімі трафеямі, піша smartpress.by.
Так, грыбнік Дзмітрый падзяліўся фатаграфіяй адразу некалькіх вёдраў лісічак, адзначыўшы, што “за дзень двойчы ў лес з'ездзіў”. Паводле яго, такі шчодры ўраджай ён знайшоў на Барысаўскім палігоне.
Тым часам беларуска Яўгенія расказала і паказала, што два кошыкі і адзін мяшок сабрала ў мінулую нядзелю, 13 ліпеня, у раёне вёскі Найдзёнавічы Стаўбцоўскага раёна на Міншчыне. Паводле ейных слоў, пасля мінулых дажджоў у лесе “адны лісічкі”.
“За 3 гадзіны ў два нажы" грыбніку Міхаілу ўдалося сабраць 10 літраў усё тых жа лісічак. Мяркуючы з усяго, Барысаўскі раён і сапраўды багаты на дары лесу: менавіта там беларус і выявіў шчодрую паляну.
"Лісічак - хоць касой касі! Іншых грыбоў наогул няма”, - расказаў у адной з тэматычных супольнасцяў аматар “ціхага” палявання Вячаслаў. Ён падкрэсліў, што быў у лесе ў нядзелю, 13 ліпеня. Месца збору - Расонскі раён.
Мікалай з адпаведным прозвішчам Баравік паказаў, як “нагрыбаліў у Дзень рыбака". Некалькі вёдраў лісічак яму ўдалося сабраць у Смалявіцкім раёне.
Тры вядры і чатыры поўныя кошыкі лісічак назбірала кампанія аматараў “ціхага” палявання на палігоне “Талька” ў Менскай вобласці. Справа была ў нядзелю, 13 ліпеня.
“Што вы з імі робіце?"- задалі слушнае пытанне ў каментарах, на што адзін з грыбнікоў адказаў: “Прадаю”. Іншы напісаў, што ў яго “вялікая сям'я”, а таму “ўсё з'ядаецца”.
Ну і ў канцы пакажам вам яшчэ адну порцыю лісічак ад грыбніка Андрэя. Іх ён назбіраў у Віленскім раёне.







