«Дармаедаў» выклікаюць у міліцыю позвамі
16- 14.07.2025, 15:27
- 12,362

Гэта незаконна.
Міліцыя ў Беларусі, працягваючы «адпрацоўваць» грамадзян, якія трапілі ў спісы «незанятых у эканоміцы», перайшла на новы ўзровень. На так званыя «групавыя прафілактычныя мерапрыемствы «ў РАУС, дзе беспрацоўных прымушаюць да афіцыйнага працаўладкавання, сталі выклікаць не апавяшчэннямі аб прыходзе, як раней, а канкрэтна позвамі.
Прынамсі так паступаюць у АУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля, распавёў «Флагштоку» жыхар абласнога цэнтра і паказаў фота позвы. У ёй пазначана, што грамадзяніну неабходна з'явіцца ў РАУС у канкрэтныя дату і час у якасці «асобы на прафілактыцы».
Ніжэй прапісаны наступствы няяўкі. Сцвярджаецца, што ў выпадку няяўкі можа наступіць адміністрацыйная адказнасць паводле арт.24.3 КоАП — непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. Падкрэсліваецца, што гэта «цягне накладанне штрафу ў памеры ад двух да ста базавых адзінак, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт».
Верагодна, форму позвы для выкліку «дармаедаў» на «групавыя прафілактычныя мерапрыемствы» міліцыя стала выкарыстоўваць для застрашвання, запалохваючы адміністрацыйнай адказнасцю.
Але ў артыкуле КоАП гаворка ідзе пра непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню, а гэтае патрабаванне міліцыі незаконнае. Сілавікі не маюць права выклікаць грамадзяніна позвай толькі на той падставе, што ён з'яўляецца афіцыйна беспрацоўным.
Раней «Гомельская вясна» каментарый юрысткі, якая падкрэслівала, што ні крымінальны, ні адміністрацыйны кодэксы не прадугледжваюць адказнасці за беспрацоўе:
«Канстытуцыя гарантуе свабоду працы. Выклікаць чалавека ў РАУС толькі таму, што ён не працуе, незаконна. Гэта перавышэнне службовых паўнамоцтваў».
Юрыстка патлумачыла, што сам факт беспрацоўя не з'яўляецца правапарушэннем, што міліцыя можа выклікаць грамадзяніна толькі ў рамках адміністрацыйнага або крымінальнага працэсу і толькі праз афіцыйную позву, а людзі, якія зарэгістраваліся як беспрацоўныя, павінны выконваць патрабаванні цэнтра занятасці — але не РАУС.
Масавая «адпрацоўка» міліцыяй тых грамадзян, якія трапілі ў базу «незанятых у эканоміцы», праводзіцца з 1 красавіка 2025 года МУС супольна з Камітэтам працы, занятасці і сацабароны. Гэта адбываецца ў рамках «комплексу дадатковых мер у выкананні прафілактычнага ўздзеяння ў дачыненні да працаздольных грамадзян, незанятых у эканоміцы».