Расейцам прапанавалі адпачынак у Паўночнай Карэі коштам Турцыі
3- 14.07.2025, 18:35
- 6,888

Дабрацца да курорта Вансан-Кальма можна толькі са мноствам перасадак.
Расейскія грамадзяне атрымалі магчымасць адпачыць на паўночнакарэйскім курорце Вансан-Кальма, які нядаўна адкрыўся. Кошт сямідзённага тура, які прапануе тураператар КНДР «Усход-Інтур», складае 1400 даляраў ЗША і 35 000 расейскіх рублёў на чалавека. Курсам на 14 ліпеня (77,89 рубля за даляр), агульная сума выходзіць блізу 144 000 рублёў. Для параўнання: тур аналагічнай працягласці ў пяцізоркавы гатэль на першай лініі ў Турцыі, паводле звестак сэрвісу Travelata, каштавацьме прыкладна 150 000 расейскіх рублёў на дваіх.
Новы пляжны курорт на ўсходнім узбярэжжы КНДР нядаўна наведаў міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. Падчас візіту ён выказаў надзею, што Вансан-Кальма «будзе радаваць не толькі мясцовых жыхароў, але і расейцаў». Яго паездка супала з прыбыццём першай групы расейскіх турыстаў, аднак, паводле звестак «Коммерсанта», на курорце людзей амаль не было.
Як растлумачыла «Российской газете» генеральная дырэктарка «Усход-Інтура» Іна Мухіна, дабрацца да Вансана можна з усякага горада Расеі, але толькі з перасадкамі – спачатку пералёт да Уладзівастока, затым рэйс да Пхеньяна і, нарэшце, да Вансана. Гэтыя пералёты ажыццяўляюцца тройчы на тыдзень - па панядзелках, серадах і пятніцах. Акрамя таго, з 17 чэрвеня адкрытыя наўпроставыя злучэнні паміж Масквой і Пхеньянам. Таксама, са слоў Сяргея Лаўрова, найбліжэйшым часам паміж Уладзівастокам і Вансанам пачне курсаваць пасажырскі паром.
«Паколькі КНДР – краіна закрытая, на пляжах, акрамя расейскіх і карэйскіх турыстаў, больш нікога не было», – распавяла Мухіна, апісваючы ўражанні першых адпачывальнікаў.
Курорт Вансан будаваўся з шасцігадовым спазненнем ад першапачатковага графіка. Паводле звестак Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва Карэі (KCNA), ён разлічаны на прыём да 20 000 гасцей. Комплекс займае блізу чатырох кіламетраў узбярэжжа і ўключае ў сябе гатэлі, рэстарацыі, гандлёвыя цэнтры і аквапарк. Нягледзячы на тое, што Вансан знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да ракетнага палігона, дзе раней праводзіліся выпрабаванні ўзбраенняў, месца яго размяшчэння ўважаецца прэстыжным.
Нягледзячы на афіцыйнае адкрыццё курорта 26 чэрвеня, яго інфраструктура застаецца шмат у чым няскончанай. Паводле аналізу NK News, заснаванаму на новай афіцыйнай мапе Вансан-Кальмы, з 17 заяўленых гатэляў цалкам функцыянуюць толькі шэсць. Астатнія будынкі, мяркуючы па адсутнасці назваў, навігацыі і шыльдаў, хутчэй за ўсё, яшчэ не ўведзеныя ў эксплуатацыю. Мапа была апублікаваная дзяржаўным выдавецтвам замежных моў КНДР.