Трамп выступіў з «важнай заявай»
47- 14.07.2025, 19:48
- 36,556

Кіеву - зброя, Маскве - 100-адсоткавыя тарыфы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў «важную заяву», якую ён анансаваў тры дні таму. Прэзідэнт ЗША зрабіў яе на сустрэчы з генеральным сакратаром NATO Маркам Рутэ.
Прэзідэнт ЗША зноў заявіў, што «вельмі незадаволены Расеяй».
«Я вельмі, вельмі незадаволены Расеяй. Калі цягам 50 дзён не будзе пагаднення аб спыненні агню, я ўвяду вельмі жорсткія тарыфы - прыкладна 100% - супраць Расеі і яе партнёраў», сказаў Трамп.
Трамп таксама анансаваў пастаўку 17 Patriot Украіне. Акрамя гэтага, прэзідэнт ЗША абвясціў аб пагадненні з NATO па пастаўках зброі ва Украіну.
Ён падкрэсліў, што генеральны сакратар NATO Рутэ пазней раскажа аб дэталях пагаднення, аб якім ужо ведаюць еўрапейскія лідары.
«Гандаль выдатна падыходзіць для спынення войнаў. Сёння мы ўклалі ўгоду: мы накіруем NATO самую сучасную зброю, а яны будуць перапраўляць яе ва Украіну. За гэта заплацяць яны, а не амерыканскія падаткааплатнікі. Вайсковая тэхніка коштам мільярды даляраў будзе хутка дастаўленая на поле бою. У тым ліку там будуць 17 установак Patriot - яны пачнуць паступаць ужо сёння: пара краін аддасць Украіне свае, а мы заменім іх на новыя», - адзначыў Трамп.
Прэзідэнт ЗША таксама заявіў аб сваім расчараванні Пуціным.
«Я расчараваны ў Пуціне. Я прыкладна чатыры разы думаў, што мы ўклалі ўгоду, але замест гэтага мы дагэтуль пра гэта толькі гаворым. Я размаўляю з ім, кладу слухаўку, думаю, што гэта была цудоўная размова, а потым ракеты ляцяць на Кіеў. І я кажу: «Дзіўна». Пуцін падмануў Клінтана, Буша, Байдэна, Абаму, але не падмане мяне. Размовы нічога не значаць, трэба пераходзіць да дзеянняў. Яшчэ раз: гэтая вайна ніколі б не пачалася, калі б я быў прэзідэнтам. Не задавайце мне пытанняў, як далёка я гатовы зайсці, калі Пуцін працягне эскалацыю», - сказаў Трамп.
Акрамя гэтага, Трамп заявіў, што вайна РФ супраць Украіны павінна спыніцца і назваў дамову з NATO «вялікай».
«Гэта вельмі вялікая ўгода, у ЗША будзе набыта вайсковага абсталявання на мільярды даляраў. Яно будзе хутка размеркаванае на полі бою», - заявіў прэзідэнт ЗША.
13 ліпеня сенатар Ліндсі Грэм заявіў, што ў найбліжэйшыя дні пачнецца «рэкордная плынь зброі» ва Украіну, каб яна магла абараніць сябе. Таксама ён анансаваў увядзенне дадатковых санкцый супраць РФ і краін, якія набываюць расейскую нафту.