Ілля Шкурын, які выступае за польскую «Легію», не ляціць на матч у адказ у Казахстан
3- 15.07.2025, 9:27
- 6,250

Прычына - у Лукашэнку.
Футбаліст Ілля Шкурын, які выступае за польскую “Легію”, не ляціць на матч у Казахстан, які пройдзе 17 ліпеня, праз рызыку быць затрыманым. Пра гэта ў сацсетцы X напісаў польскі спартыўны журналіст Кшыштаф Марціняк.
У чацвер Варшаўская “Легія” згуляе з казахстанскім клубам “Актобе” ў матчы ў адказ першага кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы. Але адзін з нападнікаў каманды - беларус Ілля Шкурын - не паедзе на матч.
Ілля Шкурын адкрыта крытыкуе Аляксандра Лукашэнку. У 2020-м Шкурын заявіў, што адмаўляецца прыязджаць у каманду, пакуль Лукашэнка ва ўладзе.
Таму нападнік "Легіі", як піша польскае выданне Sport.pl, асцерагаецца, што беларускія ўлады могуць праз спецслужбы Казахстана стварыць яму праблемы - напрыклад, не ўпусціць яго ў краіну, затрымаць у аэрапорце або ў гатэлі.
"Ілля Шкурын не паедзе ў Казахстан на матч з "Актобе". Прычына - не ў стане здароўя, а хутчэй у палітыцы. Футбаліст асцерагаецца, што беларускі рэжым, які крытыкуецца ім, мог бы, у супрацоўніцтве з казахстанскімі спецслужбамі, стварыць яму праблемы", - напісаў Кшыштаф Марціняк.
У клубе патлумачылі, што Шкурын не едзе ў Казахстан “з асабістых прычын”.