Беларус згубіў пашпарт - а потым да яго прыйшлі з падатковай
5- 15.07.2025, 9:45
- 8,130

Ён нават не здагадваўся пра тое, якую папулярнасць здабылі ягоныя звесткі.
Беларус згубіў пашпарт, а пазней даведаўся, што ягоны дакумент выкарыстоўваўся зламыснікамі для наведвання гульнявых устаноў Менска, расказалі ва ўправе аператыўных мерапрыемстваў сталічнай інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў.
Раней у падатковую паступіў зварот аб тым, што “кожны ахвотны” можа ананімна наведаць адну з менскіх залаў гульнявых аўтаматаў, выкарыстоўваючы чужыя персанальныя звесткі.
Інспектары праверылі інфармацыю. Высветлілася, што ў зале сапраўды выкарыстоўвалася “прадуманая і злачынная схема допуску да гульні няпэўна шырокага кола гульцоў пад прыкрыццём пашпартных звестак грамадзяніна С.”.
"Натуральна, сам грамадзянін С. нават не здагадваўся пра тое, што ён такі “заўзяты гульняман”, пакуль мы з ім не пагутарылі. Мы адшукалі грамадзяніна С., апыталі яго і пераканаліся, што ён не мае ніякага дачынення да маніпуляцый з ягоным пашпартам. Чалавек калісьці згубіў пашпарт і нават не здагадваўся, што з тых часоў ён “рэгулярна наведвае” гульнявыя ўстановы сталіцы. Больш за тое, ён застаўся вельмі незадаволены тым, што ягоны пашпарт, які змяшчае персанальныя звесткі, выкарыстоўвалі без ягонага ведама”, — расказалі ў МПЗ.
Уладальнік пашпарта падаў заяву ў міліцыю. Паводле гэтага факту праводзіцца следчая праверка.
У дачыненні да двух адміністратараў залы з гульнявымі аўтаматамі, для ўваходу ў які выкарыстоўваліся чужыя пашпартныя звесткі, пакуль склалі пратакол паводле часткі 6 артыкула 13.6 КоАП (Парушэнне заканадаўства ў сферы гульнявога бізнэсу). Як адзначылі ў падатковай, шанцы на тое, што арганізатары схемы стануць фігурантамі і крымінальнай справы паводле артыкула 380 КК (падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў) “дастаткова высокія”.