Ультыматум на 50 дзён: тры прычыны, чаму Трамп пачаў ціснуць на Пуціна
- 15.07.2025, 9:48
- 3,296

Прэзідэнт надумаў "эскаляваць, каб дээскаляваць".
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп значна змяніў рыторыку ў дачыненні да Расеі. У яго на гэта было як мінімум тры важкія прычыны.
Пра гэта ў калонцы для The Washington Post піша журналіст Дэвід Ігнаціус, які асвятляе міжнародную палітыку, са спасылкай на ўласныя інфармаваныя крыніцы ў амерыканскім палітыкуме.
Па-першае, Трамп думаў, што Пуцін праяўляе да яго непавагу, робячы выгляд гатоўнасці да міру, але ігнаруючы заклік прэзідэнта ЗША да спынення агню.
Па-другое, ён бачыў эфектыўнасць вайсковай сілы ЗША ў выкарыстанні бамбавікоў B-2 і ракет “Тамагаўк” супраць Ірана.
Па-трэцяе, ён думаў, што Пуцін будзе весці перамовы толькі пры пагрозе выкарыстання большай сілы.
"Як любяць казаць расейцы, Трамп надумаў "эскаляваць, каб дээскаляваць”. Трамп зрабіў правільны выбар, прызнаўшы, што Пуцін не пойдзе на саступкі без узмацнення ціску. Але прэзідэнт таксама абраў курс эскалацыі, рызыкі якой невядомыя", - адзначыў журналіст.
Цікава, што адзінае пытанне, на якое Трамп не хацеў адказваць падчас брыфінгу ў Авальным кабінеце ў панядзелак, было такім: калі Пуцін наважыць прадоўжыць эскалацыю, наколькі далёка вы гатовыя зайсці ў адказ?
"Не задавайце мне такога пытання: "Як далёка?"- рэзка адказаў Трамп, - я проста хачу ўрэгуляваць вайну”.
Ігнаціус піша, калі Трамп зможа прымусіць гэтую новую кампанію ціску спрацаваць, ён можа заслужыць на вядомую Нобелеўскую прэмію. Зрэшты, журналіст перасцерагае, што»на шляху да міру можа быць яшчэ шмат выбухоўкі".