Сёння - 615 гадоў з дня перамогі пад Грунвальдам
13- 15.07.2025, 10:50
- 3,020

Беларусы, палякі, літвіны, татары і чэхі перамаглі крыжакоў.
Знакамітая бітва адыграла велізарную ролю ў гісторыі народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. 15 ліпеня 1410 года аб'яднаныя сілы Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства, у складзе якога тады знаходзіліся беларускія землі, пры ўдзеле татарскіх і чэшска-мараўскіх палкоў атрымалі бліскучую перамогу над крыжакамі Тэўтонскага ордэна.
Бітва пачалася апоўдні з наступу лёгкай літоўска-татарскай конніцы на левы фланг тэўтонцаў. Гэтая атака была сустрэтая артылерыйскім залпам - першым у гісторыі, але малапаспяховым выкарыстаннем палявой артылерыі. У адказ пачаўся контрнаступ цяжкай ордэнскай кавалерыі, якая пацясніла літоўцаў і татараў.
Адначасова немцы сутыкнуліся з моцным супрацівам літоўска-рускай пяхоты, якая прыкрывала баявыя адзінкі польскіх войскаў ад флангавага ўдару пры адступленні літоўскай конніцы. На дапамогу гэтым палкам вялікі князь літоўскі Вітаўт выслаў падмацаванне. Каб выправіць сітуацыю, Вялікі магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген увёў у бой другую лінію тэўтонскай кавалерыі, аднак палякі таксама выкарысталі рэзерв, якім камандаваў польскі кароль і вялікі князь літоўскі Ягайла.
У гэты час літоўская конніца паспяхова вярнулася на поле бою і нанесла моцны ўдар па левым флангу ордэна. Падчас гэтай бітвы загінуў сам ордэнскі магістр. Пасля гібелі фон Юнгінгена і капітуляцыі часткі тэўтонскіх войскаў, ацалелая Ордэнская армія збегла.
У гэтай бітве загінулі каля траціны немцаў, у тым ліку практычна ўвесь камандны склад ордэна, значная колькасць рыцараў трапіла ў палон.
Грунвальдская бітва нанесла смяротны ўдар па нямецкай экспансіі на ўсход. Агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход была спыненая. У гэты дзень, як вобразна сказаў у рамане «Крыжакі» лаўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Генрых Сянкевіч, «разбілася ўся нямецкая магутнасць, якая дагэтуль залівала, як хваля, няшчасныя славянскія землі». Сучасныя беларускія гісторыкі і публіцысты падкрэсліваюць: пасля Грунвальдскай бітвы на працягу пяці стагоддзяў, аж да 1914 года, на землі Беларусі не ступала нага нямецкага заваёўніка. У Грунвальдскай бітве ўдзельнічалі палкі з усіх тагачасных беларускіх зямель і княстваў.
Бітва пад Грунвальдам увайшла ў гісторыю як найлепшы прыклад супольных дзеянняў і ўзаемнай падтрымкі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства, якая не раз у будучыні ратавала ўжо супольную дзяржаву гэтых народаў.