У Літве хочуць стварыць «дронавую заслону» на мяжы з Беларуссю
- 15.07.2025, 11:06
- 1,320

Еўракамісар заклікаў абараніць усходнюю мяжу ЕЗ.
Пасля таго як на мінулым тыдні расейскі беспілотнік «Гербера» заляцеў на тэрыторыю Літвы з Беларусі, еўракамісар у абароне і космасе Андрус Кубілюс заклікаў Літву і краіны рэгіёну ствараць «дронавую заслону» і наладзіць масавую вытворчасць беспілотнікаў.
«Гэта паказвае, што магчымасць пранікнення такога дрона на тэрыторыю Літвы існуе. Ці гатовая Літва абараняцца ад такіх дронаў, ці ёсць у яе дастатковыя магчымасці, пытанне застаецца без адказу», — сказаў Кубілюс у праграме «Тэма дня» тэлеканала LRT.
«Таму я заўсёды заклікаю Літву і краіны рэгіёну паклапаціцца аб стварэнні так званага плана абароны ўсходняй мяжы, плана фізічнай абароны, перш за ўсё шляхам устаноўкі цэлага шэрагу фізічных загарод на зямлі. ( ... ) На маю думку, такі план павінен уключаць не толькі фізічную мяжу, але і стварэнне «дронавай заслоны», — адзначыў еўракамісар.