Міністр замежных спраў Эстоніі адрэагаваў на пастанову ЗША аб вайсковай дапамозе Украіне
- 15.07.2025, 14:21
- 1,350

Маргус Цахкна таксама заклікаў Еўрапейскі Звяз прыняць новы пакет санкцый супраць Расеі.
Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна (Eesti 200) вітаў пастанову прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб наданні Украіне вайсковай дапамогі, паведамляе err.ee.
Паводле ягоных слоў, гэта важны крок, які дазволіць паскорыць дастаўку жыццёва неабходнай падтрымкі Украіне пры каардынацыі з NАТО, паведамляе прэс-служба замежнапалітычнага ведамства.
Цахкна адзначыў, што найбольш востра Украіне цяпер неабходная эфектыўная і маштабная сістэма супрацьпаветранай абароны, паколькі Расея працягвае ўзмацняць атакі на мірных жыхароў, гарады і інфраструктуру. Толькі ў ліпені, паводле ягоных звестак, расейскія сілы выкарысталі блізу 2000 ракет і дронаў супраць украінскіх населеных пунктаў.
Міністр падкрэсліў, што трансатлантычнае супрацоўніцтва застаецца ключавым для магутнага і скаардынаванага адказу на расейскую агрэсію, пацвярджаючы цвёрдую пазіцыю Захаду на баку Украіны.
Акрамя таго, Маргус Цахкна заклікаў Еўрапейскі Звяз прыняць новы, 18-ы пакет санкцый супраць Расеі, уключаючы зніжэнне столі коштаў расейскай нафты. Ён таксама нагадаў аб замарожаных актывах цэнтральнага банка Расеі на суму амаль 260 мільярдаў еўраў у ЕЗ і краінах G7 і заклікаў выкарыстоўваць гэтыя сродкі для дапамогі Украіне да таго часу, пакуль агрэсія не спыніцца і шкода не будзе кампенсаваная.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што аб'ём вайсковай дапамогі, якая будзе накіраваная Украіне праз NATO, складзе мільярды даляраў.