25 лiпеня 2025, Пятніца, 7:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як ЕЗ адкажа Трампу на тарыфы

Як ЕЗ адкажа Трампу на тарыфы

З'явіўся спіс магчымых мытаў.

Вырабленыя ў ЗША авіялайнеры, аўтамабілі, хімічная прадукцыя, станкі і медыцынскае абсталяванне ўзначальваюць спіс амерыканскіх тавараў, якія Еўрапейская Камісія прапануе абкласці падвышанымі мытамі ў выпадку няўдачы гандлёвых перамоў з Вашынгтонам, паведамляе Reuters.

Разасланы краінам-сябрам ЕЗ спіс ахоплівае імпарт амерыканскіх тавараў на суму 72 мільярды еўраў ($84,1 мільярда). У яго таксама ўключаны электрычнае і прэцызійнае абсталяванне, сельскагаспадарчыя і харчовыя тавары: розная садавіна і гародніна, віно, піва і моцныя спіртныя напоі — на агульную суму 6,35 мільярда еўраў.

Першы раўнд тарыфаў у адказ на тавары агульным коштам 21 мільярд еўраў быў ухвалены Еўразвязам у красавіку, але не ўведзены ў дзеянне, каб адвесці час для перамоў. Адтэрміноўка падоўжаная да 6 жніўня.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у суботу прыгразіў увесці мыты сумай 30% на імпарт з Мексікі і Еўразвязу з 1 жніўня: Брусэль назваў такую стаўку несправядлівай і недапушчальнай. ЕЗ гатовы працягваць перамовы, аднак еўракамісар у пытаннях гандлю і эканамічнай бяспекі Мараш Шэфчовіч сказаў, што краіны-ўдзельніцы блока разумеюць, што ў выпадку няўдачы прыйдзецца прыняць контрмеры.

Еўракамісія першапачаткова прадставіла другі раўнд мытаў для абмеркавання ў траўні. Тады прапанова тычылася амерыканскіх тавараў на суму 95 мільярдаў еўраў. З тых часоў спіс стаў карацейшы, але асноўныя пазіцыі засталіся без змен.

Канкрэтнай даты магчымага зацвярджэння спісу няма.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках