У Магілёве ўраган знёс з балкона норкавае футра
7- 15.07.2025, 18:04
- 6,368

Яно знайшлося за тры кіламетры ад дому.
Нядаўняя бура нарабіла ў Магілёве шмат бедаў, але не абышлося і без даволі кур'ёзных выпадкаў, піша «Звязда».
Напярэдадні адна жыхарка Магілёва вывесіла на балкон норкавае футра, каб абараніць дарагую рэч ад молі, і пакінула яго там да наступнага дня.
Уначы ж разгулялася стыхія. Неўтаймоўная віхура, зламаўшы фрамугу, прыхапіла футра з сабой.
Рэч знікла бясследна. Колькі ні шукала гаспадыня футра ў сябе пад вокнамі і нават у найбліжэйшых ваколіцах – усё безвынікова. На аб'явы, якія яна развесіла па мікрараёне, ніхто не адгукнуўся.
Ад роспачы жанчына напісала яшчэ адну аб'яву з абяцаннем узнагароджання за вернутае футра памерам 200 даляраў. У параўнанні з рэальным коштам згубы – 1500 даляраў – даволі сціплая сума. На поспех яна не моцна спадзявалася, але дзесьці ў глыбіні душы надзея цеплілася. І не дарма.
Амаль праз тыдзень футра знайшлося. Патэлефанаваў мужчына, які паведаміў, што ўбачыў яе аб'яву і гатовы вярнуць страчаную рэч.
Калі футра апынулася ў яе руках, жанчына была на сёмым небе ад шчасця. Яна агледзела яго і пераканалася, што рэч тая самая, бо сама загадзя прадбачліва зрабіла на вопратцы апазнавальныя пазнакі.
Як высветлілася, футра пераадолела адлегласць прыкладна тры кіламетры. Вецер пакінуў яго на дрэве перад адным з прыватных катэджаў. А калі раніцай яго гаспадыня адчыніла дзверы, то не паверыла вачам: быццам нейкі шчодры прыхільнік зрабіў ёй царскі падарунак.
Жанчына, усё яшчэ не верачы свайму шчасцю, хуценька зняла нечаканую прыгажосць з дрэва і пабегла мераць. Але, да яе расчаравання, прэзентабельная рэч новай патэнцыйнай уладальніцы не падышла. А неўзабаве на вочы трапілася аб'ява.