Ва Украіне прадоўжылі рэжым ваеннага становішча
- 15.07.2025, 18:04
- 1,384

16-ы раз.
Вярхоўная рада Украіны ў аўторак, 15 ліпеня, ухваліла падаўжэнне рэжыму ваеннага становішча ў краіне і ўсеагульнай мабілізацыі яшчэ на 90 дзён – да 5 лістапада 2025 года.
Пра гэта паведаміў у сваім Telegram-канале народны дэпутат Яраслаў Жалязняк. Паводле ягоных словаў, адпаведныя законапраекты нумар 13471 і нумар 13472 падтрымалі 320 народных дэпутатаў, адзін голас быў супраць. Пастанова Рады пачне дзеянне 7 жніўня.
Гэта ўжо шаснаццатае падаўжэнне з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Упершыню ў сваёй гісторыі Украіна ўвяла рэжым ваеннага становішча раніцай 24 лютага 2022 года. Гэты рэжым прадаўжаецца кожныя 90 дзён.
Рэжым ваеннага становішча дае ўладам Украіны права на ўвядзенне шэрагу абмежаванняў. Сярод іншага ў гэты час не дазваляецца правядзенне выбараў. У сувязі з гэтым ва Украіне не адбыліся чарговыя выбары кіраўніка дзяржавы, якія былі запланаваныя на 2024 год.
Акрамя таго, падчас дзеяння ваеннага становішча ў краіне дапускаецца забарона дзейнасці палітычных партый, якія пагражаюць суверэнітэту Украіны, і абмежаванні на правядзенне мітынгаў, дэманстрацый і масавых мерапрыемстваў.
Улады таксама могуць забараніць свабодна перамяшчацца па тэрыторыі краіны і абмежаваць рух транспарту – як для грамадзянаў Украіны, так і для замежнікаў. Дзяржава можа ўвесці працоўную павіннасць або абавязковыя грамадска карысныя працы для асобных катэгорый насельніцтва. Дазваляецца таксама прымусовае адчужэнне маёмасці для патрэбаў войска.