У Менску з'явіцца трэцяе транспартнае кальцо
4- 15.07.2025, 18:49
- 9,044

А другое ўсё ж такі замкнуць.
У Менску з'явіцца трэцяе транспартнае кальцо, а другое ўсё ж замкнуць. Падрабязней расказалі ў «Гардарбуд», піша БелТА.
Дырэктар «Гардарбуда» Сяргей Панеў назваў амбіцыйнымі планы працы над трэцім кальцом. У выніку яно мусіць злучыць Фрунзенскі і Цэнтральны, Кастрычніцкі і Маскоўскі раёны беларускай сталіцы.
– Усё гэта ў распрацоўцы, будзе рэалізавана, – растлумачыў ён.
І ўдакладніў, што паводле праекту дэталёвага планавання горада, маршрут кальца павінен быць пракладзены праз спальныя і прамысловыя раёны Менска. Пры гэтым месцамі ў трэцяе транспартнае кальцо могуць быць уключаны існыя вуліцы, але месцамі будуць пракладацца і новыя дарогі. Трэцяе кола можа з'явіцца ўжо да 2030 году.
Пакуль жа ў беларускай сталіцы – два ўнутраныя кальцавыя маршруты. Першае транспартнае кальцо звязвае вуліцы Казлова, праспект Машэрава, вуліцы Талстога, Магілёўскую, Аранскую, Чапаева і Бядулі.
Другое транспартнае кальцо праходзіць праз вуліцу Сурганава, Арлоўскую, праспекты Пушкіна і Жукава, Аэрадромную, Дзянісаўскую і заканчваецца на Ванеева. Каб замкнуць кольца, маюць намер пабудаваць прамы адрэзак ад Ванеева да Акадэмічнай.