25 лiпеня 2025, Пятніца, 22:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ДАІ хочуць увесці абавязковую навінку для каршэрынгавых аўто

9
У ДАІ хочуць увесці абавязковую навінку для каршэрынгавых аўто

Яна забароненая ў ПДР.

У Беларусі плануюць абавязаць каршэрынгавыя аўтамабілі мець спецыяльную маркіроўку, каб іх можна было лёгка вылучыць на дарозе. Такі захад неабходны, каб упарадкаваць рынак кароткатэрміновай арэнды машынаў і павысіць бяспеку на дарогах. Пра гэта паведаміў кіраўнік управы ДАІ Менгарвыканкама Сяргей Бабіч, паведамляе БелТА.

Ініцыятыва звязаная з тым, што ў Беларусі пакуль няма дакладнага заканадаўства, якое рэгулюе кароткатэрміновую арэнду машынаў – усе стасункі паміж кампаніямі і карыстальнікамі пакуль будуюцца паводле агульных нормаў Грамадзянскага кодэкса, што стварае блытаніну і нязручнасці для звычайных карыстальнікаў.

На спецыяльным пасяджэнні ў Палаце прадстаўнікоў 15 ліпеня абмяркоўвалі, як упарадкаваць рынак шэрынгу – не толькі аўтамабіляў, але і электрасамакатаў і ровараў. Высветлілася, што цяпер кожная кампанія працуе паводле ўласных правілаў, а карыстальнікам складана разабрацца, дзе якія штрафы і ўмовы.

Бабіч адзначыў, што разам з папулярнасцю шэрынгу расце і колькасць парушэнняў: блізу 10% усіх затрыманых за п'янае кіраванне сёлета – кіроўцы каршэрынгавых машынаў. Ёсць выпадкі, калі за стырно садзіліся людзі без правоў, прычым некаторыя не першы раз.

Прапануецца ўвесці візуальнае абазначэнне такіх аўто, каб інспектары маглі хутчэй іх ідэнтыфікаваць у плыні і праверыць кіроўцу, а таксама прапрацаваць больш дакладныя правілы арэнды каршэнгавых машынаў, адказнасці і кантролю.

«У адпаведнасці з правіламі дарожнага руху нанясенне якіх-небудзь налепак на транспартны сродак забароненае. Аднак мы бачым, што транспартныя сродкі, якія пазначаныя менавіта пэўнай колераграфічнай расфарбоўкай, паказваюць іх прыналежнасць да вызначанай шэрынгавай кампаніі. Гэта дазваляе супрацоўнікам ДПС у ходзе нясення службы вылучыць іх з плыні, спыніць, праверыць парадак іх выкарыстання, стан кіроўцы і наяўнасць пасведчання кіроўцы. І гэта ў значнай ступені аблегчыць працу ў частцы гарантыі бяспекі дарожнага руху», – удакладніў Сяргей Бабіч.

Адзначым, паводле п. 194.13 часткі 26 ПДР забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку з вонкава бачнымі налепкамі (малюнкамі), акрамя тых, якія размяшчаюцца ў вызначаным парадку апазнавальных знакаў транспартных сродкаў, прадугледжаных у спецыяльным дадатку, трафарэтаў, выстаўленых на ветравым або бакавым шкле транспартнага сродку адпаведнай арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка).

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках