Польшча ў Балтыйскім моры створыць зону бяспекі для абароны ад ценевага флоту РФ
1- 15.07.2025, 20:38
- 2,090

Зона будзе пралягаць уздоўж польска-швэдскага энэргетычнага трубаправода SwePol Link.
Польшча рыхтуецца стварыць зону бяспекі ў Балтыйскім моры для абароны ад дыверсій расейскага «ценявага флоту». Пра гэта паведамляе радыё RMF 24.
Паводле інфармацыі медыя, Марская ўстанова ў Гдыні выдала распараджэнне пра стварэнне зоны бяспекі для польска-швэдскага энэргетычнага трубаправода SwePol Link. Гэтая зона ўяўляе з сябе паласу Балтыйскага мора, якая праходзіць уздоўж маршруту падводнага трубаправода ў польскіх водах.
У дакуменце пазначаныя дакладныя каардынаты зоны бяспекі. А як паведаміў RMF Мацей Вапінскі з кампаніі «Польскія электрасеткі», шырыня трубаправода складае 250 метраў. Менавіта гэтая кампанія ініцыявала стварэнне зоны бяспекі.
«У гэтай зоне забароненыя рыбная лоўля, водныя віды спорту, дайвінг, кіданне якароў і правядзенне любых падводных працаў, калі толькі яны не дазволеныя польскай энэргакампаніі», – сказаў Мацей Вапінскі.
SwePol Link – гэта высакавольтная падводная кабельная лінія сталага току, якая злучае Польшчу і Швэцыю ўжо 25 гадоў. Яе даўжыня складае 254 км, а магутнасць лініі – 600 мегаватаў пры напрузе 450 кілавольтаў.