Чарговае вар'яцтва Лукашэнкі
25- 16.07.2025, 13:02
- 35,276

Гэта немагчыма ўявіць у развітай краіне.
Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ніхто не спрабаваў адрэгуляваць кошты. Улады нібыта проста спрабавалі ўсталяваць так званую «цану справядлівасці». А «свавольствы» з цэнаўтварэннем нібыта пачаў новы ўрад.
Апусцім той факт, што ўрад у поўным складзе прызначаў і зацвярджаў сам Лукашэнка, і што ранейшы Саўмін некалькі гадоў выконваў яго ж распараджэнне аб жорсткім коштавым кантролі і «недапушчэнні росту». Калі перакладаць на чалавечую мову, галоўнае ў пасыле дыктатара рэжыму - што хованкі з пошукам «справядлівай цаны», якія існуюць асобна ад законаў эканомікі ў галаве дыктатара, трываюць.
- Калі змяніўся ўрад, то прэм'ер-міністр Турчын акурат зрабіў спрорбу: можа, будзем цяпер крыху больш пра эканоміку і варта скасаваць ці хаця б перагледзець кантроль кошту? - нагадвае эканаміст Леў Львоўскі ў эфіры «Еўрарадыё».
- А Лукашэнка акурат даў яму адпор, сказаўшы, маўляў, Турчын не разумее, што такое сацыяльна значныя тавары. Думае, што і бульба, і марозіва, і ялавічына, і аўтамабіль — усё сацыяльна значнае.
Таму - будуць кантраляваць. І, як мы бачым, ніхто нічому не вучыцца.
Гэта вар'яцтва: у 2025 годзе мець дэфіцыт нейкай ежы.
Гэта немагчыма сабе ўявіць у нармальнай, развітай краіне. Але у Беларусі ўмудрыліся дамагчыся дэфіцыту гародніны.
А пакуль дыктатар шукае, на каго б перакласці віну за рост коштаў, многія беларускія прадпрыемствы банкрутуюцца, не здолеўшы выплыць з-пад прыгнёту дзяржаўнага рэгулявання і росту страт.
Усё добра толькі ў тых вытворчасцяў, якія працуюць на расейскі ВПК — але такіх, са слоў Льва Львоўскага, у беларускай эканоміцы не так ужо шмат — «што-небудзь блізу 1% ВУП». Ва ўсіх астатніх — праблемы.
- Самыя вялікія ў рытэйлераў, у іх падвышаецца кошт, якім яны закупляюць тавары, а прадаваць павінны рэгуляваным, а цяпер яшчэ і штрафы пагражаюць — ім няма куды дзецца, яны банкрутуюцца, — тлумачыць эканаміст.
- У вытворцаў ежы становішча крыху лепш, але таксама цяжка, ім немагчыма дыверсіфікавацца.
Вось вырабляеш ты свініну - а ўсё, што з гэтым звязана, рэгулюецца. І ў цябе цана корму расце, цана лекаў расце, цана працы расце (трэба плаціць больш, каб людзі не разбегліся), а ўсё, што ты вырабляеш — будзь добры, дзяржаўнай цаной прадавай.
На 0,3% можаш цану падвышаць, больш не можаш. Калі ўсе свінні памруць у раёне, тады ў Міністэрстве гандлю хтосьці пачухаецца і скажа: добра, на месяц мы вам дазваляем падымаць цану.
- Адзінае выратаванне для вытворцаў ежы - калі ім дазваляюць нешта прадаваць у Расею і за кошт гэтага атрымліваць нармальныя грошы, якімі кампенсуюць праблемы ўнутры краіны.
Праблемы, звязаныя з дзеяннем санкцый, таксама нікуды не зніклі, а на гарызонце ўжо новы 18-ы пакет ад Еўразвязу. Як гэта адаб'ецца на беларускай эканоміцы?
- Розныя крыніцы расказваюць розныя падрабязнасці, - кажа экспэрт. - Ёсць меркаванне, што ў гэтым пакеце адрэжуць наогул усе беларускія фінансавыя інстытуты ад Захаду. Калі гэта так — я б сказаў, што гэта дрэнная пастанова.
Усе, каму трэба абыходзіць санкцыі, вялікія дзяржаўныя заводы - яны ўжо наладзілі сабе ўсе ланцужкі.
Адразанне беларускіх банкаў - ад гэтага стане горш толькі простым людзям і зусім малому бізнэсу.
Напрыклад, калі чалавек прадаў сваю кватэру і не можа вывесці гэтыя 80 тысяч еўраў нікуды ў Еўропу, а малы бізнэс, які прадаў нешта непадсанкцыйнае, не можа атрымаць грошы.
Ёсць, праўда, меркаванне, што гэта мы не так прачыталі і што напраўду гаворка ідзе аб банках, ужо адрэзаных ад SWIFT, маўляў, ім закрыюць наогул усе фінансавыя пераводы. Калі справы ідуць так, тады гэта невялікая змена і ніякага сур'ёзнага эфекту ад яе не будзе.