AP: Майк Уолтц паабяцаў «зрабіць ААН вялікай зноў»
4- 16.07.2025, 11:05
- 2,778

Арганізацыі патрэбныя рэформы.
Кандыдат на пасаду амбасадара ЗША пры ААН Майк Уолтц паабяцаў правесці маштабныя рэформы Арганізацыі ў духу палітыкі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, заявіўшы, што прыйшоў час "вярнуцца да асноў" і "зрабіць ААН вялікай зноў", піша Associated Press (пераклад — сайт Charter97.org).
Выступаючы перад сэнацкім камітэтам у міжнародных справах, Уолтц падкрэсліў намер адміністрацыі Трампа і дзяржсакратара Марка Рубіё рэфармаваць 80-гадовую арганізацыю. Ён заявіў, што ААН "адышла ад сваёй міратворчай місіі" і гэта патрабуе перагляду.
Уолтц, былы кангрэсмэн і дарадца ў нацбяспецы, стаў аб'ектам крытыкі пасля таго, як у сакавіку выпадкова дадаў галоўрэда the Atlantic у закрытую групу ў Signal, дзе абмяркоўваліся ваенныя планы. Хоць ён адмаўляў парушэнне правілаў бяспекі, дэмакраты абвінавацілі яго ў некампетэнтнасці і ўхіленні ад адказнасці.
Калі Уолтц будзе зацверджаны, ён засяродзіцца на стрымліванні ўплыву Кітая, скарачэнні фінансавання “дубальтовых і неэфектыўных" агенцтваў ААН, а таксама барацьбе з “глыбока ўкаранёным антысемітызмам” у сістэме ААН. Ён абвінаваціў агенцтва UNRWA ў распаўсюдзе "антысеміцкай рыторыкі" ў школах Газы.
Дэмакраты таксама выказалі занепакоенасць тым, што Уолтц працягвае атрымліваць заробак ад Белага дома пасля звальнення з пасады дарадцы. Сэнатарка Джэкі Розэн запатрабавала тлумачэнняў, на што Уолтц адказаў, што ён “дапамагаў з пераходам”.
Сэнатар-рэспубліканец Майк Лі назваў прызначэнне Уолтца "апошнім шанцам" для ААН даказаць сваю каштоўнасць для ЗША.
Цяпер усё залежыць ад таго, ці зацвердзіць Сэнат ягоную кандыдатуру.