15 пацярпелых: у Бярозаўскім раёне адбылася страшная аварыя
2- 16.07.2025, 11:36
- 9,830

Чатыры чалавекі - у рэанімацыі.
Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ў выніку дарожна-транспартнага здарэння ў Бярозаўскім раёне Берасцейскай вобласці пацярпелі 15 чалавек. Аварыя адбылася 15 ліпеня на 124-м кіламетры аўтамагістралі М1/Е30 (Берасце – Менск – мяжа Расейскай Федэрацыі).
Паводле інфармацыі ведамства, 10 пацярпелых былі шпіталізаваныя ў Бярозаўскую цэнтральную раённую лякарню - чацвёра знаходзяцца ў рэанімацыі, шасцёра ў траўматалагічным аддзяленні. Яшчэ пяцёра дастаўленыя ў Івацэвіцкую ЦРБ, дзе таксама размешчаныя ў траўматалогіі. У пацыентаў дыягнаставаны чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы, удары і ірваныя раны рознай ступені цяжкасці.
Раней мясцовае выданне "Маяк" (bereza.by) паведамляла пра трох пацярпелых.
Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў, аварыя адбылася, калі 56-гадовы кіроўца аўтобуса ПАЗ, выконваючы разварот з паласы разгону, не пераканаўся ў бяспецы манеўру і сутыкнуўся з мікрааўтобусам Ford, які рухаўся ў спадарожным кірунку, якім кіраваў 40-гадовы мужчына. Згодна з кадрамі, апублікаванымі МУС, у выніку ўдару Ford з'ехаў з дарогі і апынуўся ў лесапаласе.
На месца здарэння на распараджэннн міністра ўнутраных спраў выехала кіраўніцтва галоўнай управы ДАІ МУС і УУС Берасцейскага аблвыканкама. Вядзе працу аператыўна-следчая група.