У Беларусі арыштавалі зямельны пляц экс-рэдактаркі «Новага Часу» Аксаны Колб
3- 16.07.2025, 12:39
- 3,028

Пад арышт маглі трапіць і 30 акцый прадпрыемства «Лідабудматэрыялы».
У Беларусі арыштавалі зямельны надзел былой палітзняволенай, былой галоўнага рэдактаркі «Новага Часу» Аксаны Колб. Пра гэта паведамляе БАЖ.
Арышт адбыўся яшчэ год таму, але Колб даведалася пра гэта толькі цяпер. Са слоў журналісткі, уся маёмасць, якая заставалася ў яе ў Беларусі — зямельны надзел на 6 сотак — спадчына ад мамы, і блізу 30 акцый прадпрыемства «Лідабудматэрыялы».
«Днямі высветлілася, што 31 ліпеня 2024 года на пляц наклалі арышт. Ці арыштаваныя акцыі, не ведаю, але думаю, што так. Пацвердзіць гэта пакуль не магу», - расказала Колб.
Нагадаем, Аксана Колб была затрыманая 20 красавіка 2022 года. Тады група сілавікоў са шчытамі і молатамі прыехала да яе ў кватэру, каб забраць «на допыт у Следчы камітэт». Праз два дні стала вядома, што ёй выставілі абвінавачванне паводле ч.1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Журналістку ўзялі пад варту і да суда ўтрымлівалі ў следчым ізалятары.
15 чэрвеня 2022 года суддзя Цэнтральнага раёна Менска Дзмітрый Карсюк прызнаў яе вінаватай і прызначыў 2,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
Журналістку часова вызвалілі ў зале суда, і яна з'ехала з Беларусі. Увосень 2022 года МУС уключыла былую палітвязню ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці».
У канцы 2024 года ў дачыненні да Аксаны Колб завялі яшчэ адну крымінальную справу. Падрабязнасцяў яна не ведае, але справа заведзеная Следчым камітэтам у Берасці нібыта «за дыскрэдытацыю» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
У сакавіку 2025 года былая галоўная рэдактарка на беларускі адрас атрымала позву ў суд Валожынскага раёна — яе выклікалі «ў якасці асуджанай», каб замяніць «хімію» на «больш строгае пакаранне».