Мужчына ў Менску разграміў 18 прыпаркаваных машынаў
6- 16.07.2025, 18:22
- 10,304

Ён кідаў у машыны цэглу і тратуарную плітку.
Жыхар Кобрына прыехаў у Менск, каб падзарабіць. Мужчына ўладкаваўся дворнікам, але працаваў нядоўга: праз пару месяцаў яго звольнілі за п'янку.
Дадому 58-гадовы мужчына не паехаў, замест гэтага пастанавіў жыць на вуліцы і жабраваць. Амаль усё мінулае лета кобрынец начаваў у сталічных пад'ездах, пішуць «Менск-Навіны».
Аднойчы ён перабраў з алкаголем, і яму ў галаву стрэльнула дзіўная ідэя. Ён захацеў выратаваць кіроўцаў ад аварый. Мужчына рушыў на шпацыр па дварах вуліцаў Алешава, Усходняй, Ламаносава і Якуба Коласа і пачаў разбураць прыпаркаваныя машыны. Логіка ў яго была такая: людзі ездзяць на аўто і трапляюць у аварыі, а калі машыны разбіць, то гэта ўратуе кіроўцаў ад ДТЗ.
Мужчына падышоў да справы з усёй адказнасцю. Ён кідаў у машыны цэглу, тратуарную плітку, кветкавыя кашпо, біў па кузавах нагамі і рукамі, вырываў з газонаў слупкі з шыльдамі, а пасля біў імі па транспартных сродках, выломваў люстэркі, а ў адзін з аўтамабіляў шпурнуў самакат.
Усяго кобрынец паспеў пашкодзіць 18 машынаў і нанёс стратаў на 28,5 тысячы рублёў.
Суд «высакародны» пасыл мужчыны не ацаніў і прызначыў яму тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Яшчэ яму давядзецца неяк кампенсаваць страты ўладальнікам аўтамабіляў.