У Расеі пачнуць пераводзіць прадпрыемствы на няпоўны працоўны тыдзень
7- 16.07.2025, 18:48
- 7,762

Праз складаную эканамічную сітуацыю.
Шэраг прадпрыемстваў у Свярдлоўскай вобласці перавядуць супрацоўнікаў на няпоўны працоўны дзень, а таксама скароцяць штат праз складанае фінансавае становішча, паведаміў дырэктар рэгіянальнага дэпартамента працы і занятасці Дзмітрый Антонаў на пасяджэнні мясцовага ўраду. Паводле ягоных словаў, «змены ў эканоміцы» змушаюць кампаніі «пераразмяркоўваць працоўныя рэсурсы», піша The Mocow Times.
Усюды, дзе плануюцца звальненні, дэпартамент праводзіць «выязное кансультаванне супрацоўнікаў», прапануе праграмы перанавучання і іншыя вакансіі.
У сваю чаргу Міністэрства прамысловасці і навукі Свярдлоўскай вобласці спрабуе дапамагчы самім прадпрыемствам «захаваць фінансава-эканамічную стабільнасць і нівеляваць сацыяльную напружанасць». Кіраўнік установы Сяргей Перастарон заявіў, што ўлады спрыяюць «у пошуку інвестараў, развіцці кааперацыйных сувязяў, а таксама ў падачы заявак на падтрымку з федэральнага і рэгіянальнага фондаў развіцця прамысловасці». Канкрэтныя прадпрыемствы ўлады не назвалі. Аднак раней пераход на чатырохдзённы працоўны тыдзень анансаваў нацыяналізаваны ў 2024 годзе Чэлябінскі электраметалургічны камбінат (ЧЭМК). Ён плануе зрабіць гэта з 1 верасня на ўсіх сваіх вытворчасцях, у тым ліку Сяроўскім заводзе ферасплаваў. Захады закрануць 1200 супрацоўнікаў.
Кіраўніцтва растлумачыла гэтыя дзеянні «антыкрызіснай праграмай», прынятай «праз значную валацільнасць курсу валютаў, неспрыяльныя ўмовы на рынках ферасплаўнай прадукцыі, значнае падзенне спажывецкага попыту і неабходнасць забеспячэння фінансава-эканамічнай устойлівасці ЧЭМК».
Акрамя таго, паведамлялася пра планы пераводу на трохдзённы працоўны тыдзень супрацоўнікаў камбіната «Ураласбест», які займаецца здабычай хрызатылу, вытворчасцю нярудных будаўнічых матэрыялаў, дахавых і фасадных вырабаў, а таксама выпускам цеплаізаляцыі.
У сваю чаргу супрацоўнікі Уральскага трубнага завода («Уралтрубпрам») у Першаўральску скардзіліся на масавыя звальненні. Яны гаварылі, што іх вымушаюць пісаць заявы праз нястачу заказаў і што кіраўніцтва пастанавіла пазбавіцца больш як 500 чалавек. Акрамя таго, з 4000 да 300 працоўных скараціўся штат Ніжнятурынскага машынабудаўнічага завода «Вента», паведаміў у сярэдзіне чэрвеня гендырэктар прадпрыемства Аляксандр Балашоў.