7 жнiўня 2025, Чацвер, 5:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомельскай вобласці выпусцілі рэкамендацыі на выпадак выяўлення абломкаў беспілотнікаў

4
У Гомельскай вобласці выпусцілі рэкамендацыі на выпадак выяўлення абломкаў беспілотнікаў

У Беларусь усё часцей залятаюць расейскія баявыя дроны.

Рэкамендацыі на выпадак выяўлення беспілотнікаў, якія ўпалі, апублікавалі ў Ельску. Мясцовы ваенкам Дзмітрый Русецкі расказаў парадак дзеянняў раённай газеце «Народны голас».

Адзначаецца, што дроны «разбіваюцца ў выпадку паспяхова здзейсненага нападу або пры працы сродкаў СПА». Нават пасля прызямлення прылады могуць быць небяспечныя.

Ваенкам Русецкі параіў: «пры выяўленні частак беспілотніка трэба звярнуцца да дзяжурнага РАУС на тэлефон 102». Далей прывёў парадак таго, што трэба паведаміць:

сваё прозвішча, імя, імя па бацьку (калі такое маецца);

найменне аб'екта і яго дакладны адрас (месцазнаходжанне);

характар паводзінаў лётнага апарата;

наяўнасць сістэмы відэаназірання на месцы, а таксама іншыя звесткі на запыт упаўнаважанага органа;

адысці на бяспечную адлегласць;

не фатаграфаваць беспілотнік;

не тэлефанаваць паблізу яго на мабільны тэлефон;

пры магчымасці не дапускаць да яго іншых асобаў да прыезду аператыўных службаў.

Паводле інфармацыі выдання «Флагшток», за мінулы тыдзень, з 7 да 13 ліпеня, зафіксавана не менш як 59 залётаў расейскіх БПЛА ў Беларусь. Гэта рэкордная колькасць. За ўвесь чэрвень было зафіксавана 17 такіх выпадкаў, у папярэднія месяцы – яшчэ менш. Колькасць уварванняў у ліпені набліжаецца да колькасці студзеня 2025 года, калі адбылося мінімум 94 залёты.

Жыхары Гомеля чулі ў небе характэрны гук «Шахеда» 9 і 10 ліпеня. Жыхары Рэчыцкага раёна бачылі, як 11 ліпеня знішчальнік ганяўся за дронам, але гукаў збіцця не чулі.

Аднак параза адразу трох дронаў было заўважаная за адзін дзень, 12 ліпеня, у Гомельскім, Лоеўскім раёнах і, як мяркуецца, на мяжы Гомельскай і Берасцейскай абласцей.

Пра збіццё БПЛА над Зябраўкай Гомельскага раёна блізу гадзіны ночы паведамляў Флагшток. Таксама ўначы быў ліквідаваны беспілотнік у раёне вёскі Мохаў Лоеўскага раёна, паводле звестак «Позірка».

Нагадаем, у сярэдзіне красавіка паведамлялася, што ў Беларусі з пачатку года збілі 18 беспілотнікаў самалётнага тыпу.

«Толькі за 2025 год зафіксавалі 128 парушэнняў дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы. У нас баявое ўжыванне – 23 разы. Нашы вартавыя сілы знішчылі 18 беспілотных лётных апаратаў самалётнага тыпу», – расказваў камандзір ВПС і СПА Андрэй Лук'яновіч.

Раней намеснік кіраўніка МУС і камандзір унутраных войскаў (яны займаюцца ў тым ліку размінаваннем) Мікалай Карпенкаў паведамляў, што ў Беларусі практычна кожны тыдзень падаюць дроны, якія даводзіцца размінаваць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках