ЕЗ запланаваў вялізныя сродкі для Украіны на наступныя сем гадоў
1- 16.07.2025, 20:28
- 3,684

Названы памер.
Еўрапейскі Звяз у доўгатэрміновым бюджэце на 2028–2034 гады запланаваў 100 мільярдаў еўраў на падтрымку Украіны. Грошы будуць закладзеныя ва «Украінскі фонд» (Ukraine Facility).
Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на заяву прэзідэнткі Еўрапейскай камісіі Уршулі фон дэр Ляен.
«Мы вылучаем 100 мільярдаў еўраў для Украіны», – сказала фон дэр Ляен падчас прэзентацыі праекту бюджэту.
Яна адзначыла, што «Украінскі фонд», з якога вылучалі дапамогу Украіне, меў 50 мільярдаў еўраў. Але гэты памер змяншаецца.
«Гэты памер павольна, але ўпэўнена памяншаецца, і таму мы прапануем 100 мільярдаў еўраў, каб зноў напоўніць фонд для Украіны, каб падтрымаць аднаўленне», – растлумачыла яна.
Варта адзначыць, што пастанова не канчатковая. Пасля таго як праект бюджэту будзе абнародаваны, пазіцыю датычна яго павінны выказаць Еўрапейскі парламент і Еўрапейская рада. У цэлым доўгатэрміновы бюджэт плануецца зацвердзіць да канца 2027 года.
Што такое Ukraine Facility
Ukraine Facility – фінансавы інструмент Еўрапейскага Звязу, накіраваны на падтрымку Украіны ва ўмовах вайны і пасляваеннага аднаўлення. Праграма прадугледжвае вылучэнне 50 мільярдаў еўраў для Украіны на перыяд 2024–2027 гадоў.
Грошы выдаткоўваюцца на макрафінансавую дапамогу, рэканструкцыю, рэформы і мадэрнізацыю краіны. Яны паступаюць, як гранты і крэдыты, а кантроль за іх выкарыстаннем вядзецца праз спецыяльны механізм справаздачнасці і ацэнкі прагрэсу рэформаў.
ЕЗ прафінансуе зброю для Украіны
Нагадаем, што ЗША і NATO заключылі пагадненне, якое прадугледжвае адпраўку амерыканскай зброі ва Украіну за кошт еўрапейскіх краінаў. Такім чынам Украіна за сродкі Еўропы атрымае амерыканскую зброю на 10 млрд даляраў.
Зрабіць свой унёсак ужо пагадзіліся некалькі краінаў, напрыклад Швэцыя, Данія і Нямеччына. У той самы час да ініцыятывы не далучацца Вугоршчына, Чэхія, Італія і Францыя.