Ямаль падпісаў новы кантракт з «Барселонай»
- 16.07.2025, 20:57
- 2,940

Самы дарагі футбаліст свету ўзяў нумар Мэсі.
Нападнік Ламін Ямаль у наступным сезоне будзе выступаць у «Барселоне» пад 10-м нумарам. Пра гэта паведамляецца на сайце каталонскага клуба.
Акрамя таго, 18-гадовы Ямаль афіцыйна падпісаў новы кантракт з «Барселонай» да лета 2031 года.
Пад 10-м нумарам у «Барселоне» з 2008 да 2021 года гуляў Ліянэль Месі, васьміразовы ўладальнік «Залатога мяча». Ямаль у мінулым сезоне гуляў пад 19-м нумарам, пад якім таксама раней гуляў Мэсі. «Дзясятка» ў каталонскім клубе вызвалілася пасля сыходу Ансу Фаці ў «Манака».

Ямаль – найлепшы малады гулец чэмпіянату Еўропы, які прайшоў мінулым летам, рэкардсмэн Еўра як самы малады гулец і аўтар гола ў гісторыі турніру. Гішпанія стала пераможцай таго чэмпіянату.
У лістападзе 2024 года футбаліст атрымаў прэмію Golden Boy як найлепшы малады футбаліст Еўропы. Таксама Ямаль з'яўляецца самым дарагім футбалістам свету паводле версіі Transfermarkt – € 200 млн.
У мінулым сезоне Ямаль перамог з «Барселонай» чэмпіянат і Кубак Гішпаніі. На рахунку футбаліста было 55 матчаў, 18 галоў і 25 дзейсных перадачаў ва ўсіх турнірах.